Не плач, зима

А зіма дажджамі плача, плача…
І канца слязам яе няма.
Мабыць. Закахалася, няйначай,
У сівер наша зімачка-зіма.

Ды зусім няўважлівы ён нейкі…
А ў цябе такі прыгожы стан!
Падвядзі свае густыя вейкі
І сукенку з люрыксам дастань.

Шчокі сокам падфарбуй пунсовым,
Упляці ядлоўчыну ў касу –
Станеш прыгажуняй адмысловай,
Свет не бачыў гэткую красу.

Раніцай марозік падаспее,
Будзе ў цябе футра з каўняром.
Сівер азірнецца – анямее.
Слёзаў горкіх як і не было.

Ты яму ласкава пасміхніся,
За яго няўважлівасць прабач.
Будзе ўсё ў вас добра, не журыся,
Супакойся, зімачка, не плач!

З поўначы завею ён пакліча,
Сыпане на дол снягоў гарой,
І тваё засвеціцца  аблічча,
Пад марознай ранішняй зарой.


Рецензии