Вользе Хiжанковай

Аніколі не ўцямяць вар'яты,
Што Сусвет без жанчыны загіне.
Прыгажосць не схаваць ім за краты,
Бо за ёю стаіць Берагіня.

У жанчыны той -- твар Беларусі,
Валасы -- як паспелае жыта.
Каб мы ўсе не загінулі ў скрусе,
Яна продкаў чытае нам сшытак.

Там наказ: як нам жыць, як маліцца,
Як ісці, здабываць сваю волю.
Не дае Берагіня стаміцца,
Не дае нам спазнаць яна болю.

Беражэ ад пакут і нянасцяў
Край, што Богам з нябёс блаславёны,
Каб зямлю абмінулі напасці,
Каб людзей не кранулі праклёны.

Ад таго -- мой народ вельмі дужы.
Ад таго -- мой народ нескароны.
Тут дзяўчаты, як белыя ружы,
За свабоду ўстаюць у калоны.

Яны крочаць да шчасця, да волі,
Да надзеі, што песняй ліецца,
Каб ніколі, ніколі, ніколі,
Смутку з горам не зведала сэрца.

21.12.2020.


Рецензии