Узлесак роднага акна

УЗЛЕСАК РОДНАГА АКНА
леанід ПРАНЧАК

Светлай памяці паэта Тадэвуша Чарнавуса

Узлесак роднага акна
Заўжды на відавоку.
Шапоча клён, шуміць сасна
І дуб гамоніць збоку.

За чарадой старых бяроз
Спрадвечнае балота,
Рака, дзе ззяе між нябёс
Жывое срэбра плотак.

Дзітва! Твая віруе плынь.
Была ты сноў калыскай,
Пятляла між ракіт-калін
Ля самай хаты блізка.

Я памятаю, як любіў
Паэт, табой абраны,
За вёскай спеласць жоўтых ніў,
Над рэчкай золак цьмяны.

Дзітва, Дзітва!
Тваіх крыніц
Я слодыч не забыўся.
Калі, схіліўшы голаў ніц,
Тваёй вадой жывіўся.

Ракі змялелай чуйны пульс
Мой слых павек не згубіць.
Я тут настолькі беларус,
Насколькі сэрца любіць

Пясчаны плёс,
Расяны луг,
Надворак з хатай роднай,
Дзе Беларусь, як продкаў дух,
Жыве спакон нязводна.

Ты, як цякла так і цячэш
У трыснягах і вецці.
І ўдаль нясеш мой ціхі верш –
Працяг жыцця на свеце.

Тут жыў паэт і тут тварыў
На хутары між лесу,
А сёння гэты лес стары
Па ім спявае мессу,

Што ад парога па траве
Праз далягляду млечнасць
Малітвай шчыраю плыве
Ад Рылаўцаў у вечнасць.

Яго сляды не зараслі
На хутары цяністым.
Паэтам жыў ён на зямлі
З душой, як неба, чыстай.

Ды рэхам споведзі радкі
Растаялі, бы крыгі.
Пясняр узлескаў і ракі
Паэзіі вярыгі

З душы сваёй навекі склаў,
Бо нёс іх, колькі моцы.
І пра радзімы кут спяваў,
Пакуль глядзелі вочы.

Замецены даўнейшы шлях
На хутаранскі неруш.
Бывай, Дзітвы самотны птах,
Бывай, бывай, Тадэвуш.

Асірацела старана.
Лясны пейзаж панылы.
Узлесак роднага акна
“Забыць... не маю сілы”.

17.12.2022

Рылаўцы — вёска ў Дзітвянскім сельсавеце Лідзкага раёна.

Дзітва — рака ў Беларусі і Літве, правы прыток Нёману. Даўжыня 93 км (у межах Беларусі каля 90 км).

вярыгі,  рыг; адз. няма.
Жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі.
// перан. Тое, што скоўвае, робіць цяжкім жыццё, існаванне.


Рецензии