Па-над Прыпяццю

Па-над Прыпяццю -- белы туман.
Па-над рэчкаю -- светлыя мроі.
Тут, здаецца, прырода сама
Прыбывае ў святочным настроі.

Прыпяць-Прыпяць! -- не любіць цябе
Толькі той, хто любові не зведаў.
Здольна ты прытуліць да сябе,
Паімчацца за думкамі следам.

Для мяне ты нібыта сястра,
Што здалёку хусцінай махае,
Дзе пад поўняй начнога кастра
Прыпяць сны на вадзе калыхае.

Твой шырокі,  разгалісты дуб --
Вобраз таты майго задуменны,
Што глядзіць на жывую ваду,
Супакойвае Прыпяццю нервы.

А каліна ля белай вады --
Гэта мама мая-маладзіца,
Што спявае знаёмы матыў
І ў люстэрка ўспамінаў глядзіцца.

Чуеш, Прыпяць? -- Палессе пяе!
Для яго ты пачуццяў актава,
Што раскрыла ўсе ноты свае,
Туманамі гады прагартала.


Рецензии