ЗIМА
Тут нават сумёты не грэюць дарогі.
Стаю ў задуменні ля дому Ураду --
На чорнае з белым падзелена радасць.
У гэтай зімы -- неспакойнае заўтра.
Стаяць каля ёлкі не людзі, а варта.
Зіма выдыхае пачуцці праз комін --
Зямля нежывая знаходзіцца ў коме.
Чакаю не снегу -- чакаю адлігі,
Дзе будуць і песьні і вольныя кнігі,
Дзе холад зімы з маразамі і сцюжай
Адродзіцца верай народнаю, дужай.
З ёй колеры ёлкі абудзяць надзею:
Паклічуць на свята, паклічуць да дзеяў.
І будзе надзея ўсміхацца нам шчыра,
Калі ад зімы адрачэцца Айчына.
20.11.2022. Заслаўе.
Свидетельство о публикации №122120408075