Мiгранцкi дзённiк. Лiст трывогi
ў Берасці
я пайшла
праз вялізны помнік
героям і ахвярам вайны
на другі бераг Мухаўца.
Я ведала там амаль усё:
мінулым разам у мяне
быў найлепшы
правадыр,
не меўшы зроку,
і кожны
тамтэйшы камень
застаўся са мною
назаўжды.
Зусім побач
у цемры
брахалі
памежныя сабакі,
а мне было жудасна
заставацца
на гэтым баку.
Сёння я на
супрацьлеглым.
Ці стала лягчэй?
Стала іначай.
У ночы чуваць толькі
звар’яцелы метраном
уласнага сэрца.
Так мала часу.
Так мала.
Столькі трэба
паспець зрабіць.
Нібы рыхтавалася
да экзамену
на апошнім курсе,
а яго перанеслі
на першы.
Нібы заўтра
мне адказваць,
а няма
ні падручніка,
ані часу.
Часу.
Так мала часу.
Так далёка
выйсце.
24-25/XI-2022, Варшава
Свидетельство о публикации №122112504238