Прыеду цiха у Будзiшча...

*** 

              Светлай памяці маіх былых суседзяў 
              дзядзькі Сцяпана і цёткі Машы 

Прыеду ціха ў Будзішча 
На хату паглядзець, 
А там ля хворткі будзе шчэ 
Мой рыжы кот сядзець, 

Нібыта на вясёлку ён 
Не узляцеў тады. 
І зробіцца няёмка мне, 
Я дам яму вады 

З калодзежа Свістковага, 
Што, можа, там жывы... 
Гляджу, вядерца новае 
Тырчыць з сухой травы... 

І выйдзе дзядзька хуценька, 
І цётка Маша з ім -
У новай белай хустачцы... 
- Ну, як вам тут - жывым? 

- Дык не выходзім, Юрачка, 
Амаль зусім з магіл. 
Сцяпан па хаце журыцца, 
Няма ўжо маіх сіл!

Ты ж ведаеш, што й лустачку 
Ўжо з'есці не змагла,
Паклала сабе хустачку  
На самы край стала. 

Так ночку прасядзела я,
А потым зранку рана,
Як толькі развіднелася, 
Я - да майго Сцяпана...

Прыеду ціха ў Будзішча, 
Нікога не відаць. 
А там ля студні будуць шчэ, 
Як цень, яны стаяць... 

18 - 19 кастрычніка 2022 г. 


Рецензии