Матулечка любая

Матулечка любая, з сэрцайкам шчодрым,
Уцеха і радасць мая,
Душу ты лагодай сагрэеш заўсёды,
Як люба мне ласка твая!

Вяла па жыцці нас дарогай дастойнай –
На моцныя крылы ўзняла.
І хоць мы сцяжынай ідзём самастойнай, 
Парада бясцэнна твая.

Жыццёвых турботаў заўсёды нямала,
Зайду на хвілінку-часок,
Бо знаю – сядзіш ля акна і трывала
Чакаеш мяне штодзянёк.

З любоўю ступаю на родны парожак –
Сустрэнеш са шчырай душой.
Зноў стану дачушкай тваёю прыгожай,
Крывінкай тваёй дарагой.

І я да цябе прыгарнуся з пяшчотай,
Запал жыватворны ты мой!
Старанна хаваеш ты сум адзіноты,
Змахнуўшы слязінку рукой.

Матулька, прашу, не сумуй, дарагая,
Прыйду да цябе хутка зноў. 
Хай Бог цябе ласкай сваёй зберагае,
Падорыць жыццё ў сто гадоў.


Рецензии