Ясь Эльда

            
Рэчка Ясельда-красуня, што ў палескім краі,
Пачынаецца з Прыбужжа, у Прыпяць упадае.
Моцы й сілы набірае з глыбіні крыніцы,
Сонца промні амывае ў чыстае вадзіцы.

Мыюць вербы ў рэчцы косы з рання і да рання.
Адкуль назва ўзялася? Слухайце паданне.
Разгуляўся вольны ветрык над красой-ракою,
Паланіў Ясь вочы Эльды – не разліць вадою.
 
Эльда – позірк не адвесці ад красы дзявочай:
Нібы кветка на Палессі, як дзве зоркі, вочы.
Ясь быў хлопцам сінявокім – ёсць чым ганарыцца –
Толькі ж трэба небараку бедным нарадзіцца.

За лясочак, за дуброву сонейка заходзіць –
Ясь чакае сэрца паву, вечарок прыходзіць.
Колькі шчасця ў той сустрэчы, цёплых, шчырых словаў,
Колькі смелых спадзяванняў, мараў адмысловых.

У цалаванні-мілаванні шчасце карагодзіць –
Цяжка з любым раставанне, ды ўжо сонца ўсходзіць.
Ноч сплывае, бы вадзіца, раначак імчыцца –
Не паспелі маладыя шчасцем наталіцца.

Бо яўрэй дачцы прыгожай выбірае зяця
Між багатых ды вяльможных, толькі каб не Яся.
Маладзенькі рос дубочак, нібы сіраціна.
Эльда плача дзень і ночку: “Ясь – мая дружына”.

– Вытры слёзы! – бацька кажа, круціць чорны вусы, –
Непрыстойна доні нашай шлюб браць з беларусам.
І адказ ён дзеўцы беднай даў катэгарычны:
“Слухай бацьку, і ўжо заўтра будзе зяць сталічны!”

Ападаюць з вербаў росы, шэпчуцца з вадою,
Не памогуць гору слёзы – што рабіць з бядою?
Волі бацькавай скарыцца, век з нялюбым жыці
Ці навекі пажаніцца і шчаслівым быць ім?

Ясны месяц узыходзіць, зорачкі мільгаюць –
Ясь і Эльда назаўсёды родных пакідаюць.
Моцна ўзяўшыся за рукі, кінуліся ў рэчку,
Каб не знаць растання-мукі, злучылі сардэчкі.

Хвалі з шумам разышліся, гоман над ракою,
І бацькі іх абліліся горкаю слязою.
Расквітнелі той парою кветкі лугавыя –
Паядналіся навекі душы маладыя.
 
А як вечар наступае, сонейка заходзіць,
Ясны месяц выплывае – з рэчанькі выходзяць.
“Ясь і Эльда, Ясь і Эльда!” – дружна шэпчуць хвалі,
Беларуса і яўрэйку воды павянчалі.
З той пары і нараклася Ясельдаю рэчка,
А падзея адбылася ў Моталі-мястэчку.


Рецензии