***

Не паспеў я надыхацца летам,
Не паспеў яго сонцам сагрэцца --
Восень лісце трасе разам з ветрам
І малюе кругі каля сэрца.

На траве -- патрывожаны іней,
Чыйсьці след таямніча-прыгожы.
З ім надзея апошняя стыне...
Што ж ты, восень, зноў думы трывожыш?

Да цябе я, магчыма, вярнуся:
Прыбягу басанож цераз лета,
Калі будзе яно ў Беларусі
Роднай мовай і песняй сагрэта.

А пакуль -- каляровая восень
Пазірае мне ў вочы натхнёна.
Асыпае лісты на дарозе
І ўсміхаецца шчырасцю клёна.

01.09.2022.


Рецензии