У ложку падскочыш пад столь...
У ложку падскочыш пад столь,
Бо раніца ўжо пракрычала.
А ў сэрцы сумота і боль,
Што лета раптоўна не стала.
Не стала, нібыта прапала
Кудысьці чароўная даль.
А сэрца так моцна кахала,
А сэрца шукала, на жаль,
Яшчэ, можа, большага шчасця.
Ды большага – дзе ж яго ўзяць?
Любіце ў любое нянасце –
У слоту і ў дождж – сенажаць…
Кахайце, нібыта апошні
Ваш дзень праплывае ў нябыт.
Любіце згалелыя пожні
Пад небам жыццёвых арбіт…
Любіце апошнія слёзы,
Апошняй маршчынкі раллю,
Сырыя за хатай бярозы
І родную нашу зямлю.
Любіце зямлю Беларусі,
Любіце адзін аднаго,
Калі ў сінім выраі гусі
З прастору знікаюць твайго.
Любіце Радзіму, суседа,
Любіце калодзежа шкло,
І хату старэнькую дзеда,
І вёску сваю, і сяло.
Аддана ўсім сэрцам любіце,
Шануйце Радзіму сваю
І толькі на ёй вы жывіце
І сейце пяшчоту ў раллю
Зямелькі сваёй – Беларусі,
Радзімы лясоў і азёр,
Калі ў сінім выраі гусі
Сабою расквецяць прастор.
31. 08. – 06. 09. 2022 г.
Свидетельство о публикации №122090600866