Гаварлiвая Варона
Гаварлівая Варона.
Зранку ўсе навіны ночы
Ад Вароны ў вушы крочаць.
Не паспее глянуць вока,
Як гаворка йдзе пад бокам:
- Гэты з гэтай сустракаўся,
Той не з тою заляцаўся,
Не па крылах паляцеў,
Вельмі рана пастарэў,
Не ў тым гняздзе сядзелі,
Шмат пілі, ды мала елі...
Тыя, тая, тое, той....
Не знайсці нідзе спакой.
Стогнуць бедныя суседзі:
- Зараз кожны з глузду з'едзе!
Трэба нешта вырашаць!
Скаргу ў Неба напісаць.
Усім раёнам у заяве
Адлюстроўвалі па справе.
Выйшаў цэлы серыял!
Гэта ж трэба! Столькі з'яў!
З Неба скінулі пячэнне.
- Слухайце распараджэнне:
Па абставінах Варона
Выганяецца з раёна.
Зранку ўсе раскрылі вушы...
Толькі сонца вочы плюшчыць.
Ніадкуль навін няма.
Сэрцы глушыць цішыня.
Неяк стала нецікава.
Не ідуць, як трэба, справы.
Зразумелі ўсім раёнам:
Жыць не могуць без Вароны.
Пішуць зноў прашэнне ў Неба:
- Без Вароны як без хлеба!
Гаварлівую вярніце!
А пячэнне забярыце.
Скінулі распараджэнне:
Кожны дзень перасяленне
Нам рабіць немэтазгодна.
Прыйдзецца чакаць паўгода.
...Дачакаліся! Варона -
Зорка ўсяго раёна.
Рэйтынг ранішніх навін
У Небе дасягнуў вяршынь!
... Калі спешныя высновы,
Вынік будзе нездаровы,
Бо сваё заўжды да сэрца,
З цягам часу прыжывецца.
***
Вось выснова ад высноў:
Наламаць няцяжка дроў.
Каб знайсці ім прымяненне,
Трэба жыць у паразуменні.
Свидетельство о публикации №122081303296