Ах, як сэрца шчымлiва балiць...

***
Ах, як сэрца шчымліва баліць,
Калі гляне з акна на узгорак,
Калі полымем свечкі дрыжыць
І святлом разгараецца золак.

Ах, як сэрца трапеча жыццём,
Ах, як плача яно ад пяшчоты,
Калі бусел над родным жніўём
Чорна-белыя выпіша ноты.

Ах, як сэрца трымціць ад любві,
Калі рыпне на золаку хвортка
І па срэбру высокай травы
Павядзе яго ў лес на пагорку.

Ах, як весела сэрца пяе,
Калі гляне з узгорка на хату,
Бо адразу яно пазнае
Без яе свайго голасу страту.

Ах, як сэрца калоціцца, ах,
Калі раптам выстрэльвае з хлеба
І над жытам зямлі маёй птах
Перапёлкай нырае у неба.

Ах, як сэрца любуецца, як
Яго лес сустракае грыбамі
І ружовае сонца, як мак,
Яго ціха цалуе губамі.

Ах, як сэрца шчымліва баліць
І святлом Беларусі гарыць.

09. 08. 2022 г.


Рецензии