Мяне забралi
Свет рухнуў для мяне, мяне забралі.
Вязуць у варанку мяне кудысьці.
Учора для мяне ўсе зоры ззялі,
Цяпер не мне пад імі вольна плысці.
І моцны страх ільдом мяне скаваў.
Хай лепей забівалі бы адразу...
Калі б я змог, то толькі б запытаў:
"За што? Я не злачынец жа ні разу!"
Малю я Бога толькі аб адным:
Аб тым, каб моцна хоць не катавалі.
Віна мая прад светам толькі ў тым
(Калі б віной вы гэта ўсё назвалі),
Што не хацеў я гвалту, дыктатуры,
Што бачыць не хацеў вайны руіны,
Што не хацеў, гаротны, злы і хмуры
Каб лёс у нашай роднай быў краіны.
За тое, што быў трошкі вас дабрэй,
А можа быць, што крыху і наіўней,
За тое, не заплюшчыў што вачэй
І верыў, што мы можам жыць шчаслівей,
За тое, спачуваць што я ўмеў,
Што я неабыякавым бываў,
Што проста справядлівасці хацеў,
За тое, эгаістам што не стаў, -
За гэта адвярнуліся, мяне
За гэта вельмі жорстка не прымалі.
Нібы вар'яцтва бачачы ва мне,
Цураліся за гэта, пазбягалі.
За гэта вы смяяліся з мяне,
Пачуць мяне зусім вы не жадалі.
Каб проста знік, жадалі часам мне.
І на пачуцці вы мае плявалі.
І вы мяне фашыстам абзывалі,
Хоць самі вы на іх падобны больш.
Забыцца пра мяне навек жадалі,
Рабілі мне балючай вы і горш.
Ну што ж - з вачэй далоў ды з сэрца вон!
Магчыма, не пабачымся мы болей.
Мне ўсё цяпер - кашмар і страшны сон.
Магчыма, не пабачу болей волю.
Радзіму я люблю не так, як вучыць
Падручнік. Толькі так, як адчуваю
Душой. І хто гатоў за гэта мучыць,
І хто мяне за гэта забівае -
Я тых не разумею, не прымаю.
Я ведаю: святым я не бываў.
Таму, калі каму перашкаджаю,
Хаця цяпер хутчэй "перашкаджаў"...
То ўсе, каго я ведаў, выбачайце,
Калі я нечым крыўдзіў, абражаў.
І зла вы на мяне больш не трымайце,
Бо я на вас... Ні кроплі не трымаў.
Свидетельство о публикации №122080904340