Песня пра святую Зямлю або Праслауленне Радзимы

Аб вялікіх падзеях заўсёды казаць ганарова,
Але хто іх успрыме блізка да сэрца,
Калі глухія, нямыя, сляпыя правадыры
Запаланілі ўсю памяць людскую і розум?
Калі чалавек не збірае скарбу, укрытага ў полі,
І ў полі Радзімы сваёй не збірае?
Дык як жа ён кажа: « Я буду збіраць яго
Ў далёкіх ад гэтых мясцін землях»?
То кажа пусты чалавеча, які не шануе
Роднае хаты й зямлі, што пад нагамі яго.
Але заўсёды такі чалавек ахвочы казаць:
«Збяру скарб без Радзімы. Яна нішто для мяне».
І таму хачу прыпомніць аб Радзіме нашай вам,
Каб не аказацца чалавеку там,
Дзе няма той пярліны, што на Радзіме знойдзеш,
Але якую так лёгка прадасць чалавек
За гарошынны стручок, не ведаючы, што чыніць.

О Радзіма, родны куток наш!
Кажу «наш», бо Ты для ўсіх гасцінная.
Ты, Беларусь, як Маці нягодных сыноў марнатраўных,
Што прадалі сябе дзеля вялікіх чыноў.
Ты лечыш кожную рану, якая нясцерпна баліць.
Менавіта мне так робіш, свайму сыну,
Але я ўпэўнены, што кожнаму, хто шануе Цябе
І першынную ўвагу Табе надае, о Радзіма!
Ці можа чалавек без Цябе жыць, які беларусам завецца?
Пэўна, што не, бо Ты з'яўляешся Прытулкам.
Атуляеш і ахінаеш. Даеш урадлівасць зямлі
І шчасце чалавеку пасярод нягод яго.

Аб прасторах Тваіх, вышынях і нізінах
Казаць не патрабуецца тым, хто жыве на зямлі Тваёй,
Але тым, што далёка ад нас, паведамлю:
Пасярод усякіх Парыжаў, Прагаў, Варшаваў і Лонданаў
Стаіць для мяне перш за ўсё Край мой, любы воку і сэрцу,
Без якога я – нішто і зваць мяне ніяк.
Ці ж можа прыйсці дунавенне ветру творчасці
Ў тым месцы, дзе няма Радзімы, якую любіш?
І ці патрабуе высокіх слоў для выхвалення мая Радзіма?
Яна самая простая, таму і багатая сваімі дзеячамі,
Разумнымі і вельмі выразнымі, сярод якіх Скарына,
Гусоўскі, Купала і Колас, Баршчэўскі і Марцінкевіч,
Пашкевіч, Дубоўка і… калі называць усіх
Ці ж вытрымаюць суседнія краіны таго, што я назаву сваіх,
Менавіта сваіх, родных, бо яны на той жа зямлі жылі,
На якой цяпер я ёсць. І радуюся, што так, і ганаруся.
І ганарыстасці маёй няма канца – прызнаюся.
Але ці ж не праўдзіва назваць гэта «святой ганарыстасцю»,
Бо тое, што ад Цябе, о Маці-Зямля, само па сабе свята.
І тыя зубры святы, і бусел той, і кожная папараць-кветка,
І ноч Купалы, і мова Твая свята, і традыцыі, і народ Твой святы,
Беззаганны ва ўсіх парывах сэрца, бо шмат выцерпеў.
Калі б Цябе, о Маці-Айчына, не было, то навошта было б існаваць астатнім?
Калі Цябе не будзе на свеце, то і з Табою знікнем, але Ты ёсць
І жыць будзеш, пакуль пра Цябе памятаюць і шануюць Цябе.

Ты вялікая радасць засмучаных, Ты вялікая надзея не маючых надзеі.
Ты Сонца, што грэе душу, і Месяц, які асвячае цемру на дарогах жыцця.
І што з намі было б, калі б у нас не было Цябе?
Пэўна, многа хто застаўся б раўнадушным аб неіснаванні Тваім,
Але народ, які шануе Цябе, казаў бы без перапынку:
«Мы патрабуем Цябе, Радзіма! Мы да Цябе імкнемся!»
І Ты б, о Маці родная, Зямелька наша, ці не прыйшла б на дапамогу
Таму, хто кліча Цябе ад безустаннай любові да Цябе,
Да сыноў Тваіх і дачок, што нярэдка Цябе пакідаюць.
Ты, о Маці-Айчына, павярнулася б да людзей, што Цябе паранілі,
Але павярнулася ад таго, што Ты не чалавек, а жыццё чалавека,
Які Цябе не шануе і таго чалавека, які цалуе Цябе,
Усю кроўю вымачанную і ад болю і жаху падаўленую
І месцамі высахлую.
Колькі Ты перацярпела! Прабач нам, Зямелька родная,
Маці нашых айцоў, што мы так засмучаем Тваю святую годнасць.
І ведай, прашу, што калі б чалавек ведаў, што ён чыніць,
Ён бы не чыніў так, як з Табою ўчыніў, о Маці!

Ты цярпела са сваімі мучанікамі,
Ты падтрымлівала іх у нялёгкай нядолі.
Ты давала радасць сярод смутку
І ўпэўненасць сярод няпэўных рэчаў і з'яваў.
І калі б не Ты, о Маці, Зямля святая,
То ніколі б народ наш не даведаўся
Пра святых Тваіх, якія аддана Цябе шанавалі
І шанавалі Хрыста, Твайго Валадара:
Ніколі б не ведаў народ Твой Баболю і Кунцэвіча,
Калі б не меў у думках сваіх Цябе.
Маці сыноў чалавечых, як кажа адданы Твой сын Караткевіч,
Ты многа пакут перанесла.
Але усё роўна Ты – Зямля пад белымі крыламі,
Чыстая, празрыстая, незаплямленая і беззаганная,
Бо над Табою бусел лятае і аднаўляе Цябе.
Альбо Ты яго аднаўляеш? Альбо Ты даеш сілы яму ляцець,
Бо ён любіць Цябе і вяртаецца да Цябе кожнага разу,
І так да смерці сваёй?
І чалавек няхай прылятае ў гняздо сваё, калі Цябе пакінуў,
Бо не вытрымае сэрца яго цяжару далёкасці Тваёй.

Колькі пярлінаў Ты свету падарыла, а гэты свет няўдзячны.
Ён не заўважае Тваёй дабрыні і моцы,
Але калі раскрамсае Цябе(няхай гэтага не станецца ніколі),
Убачыць моц Тваю і трапятаць будзе прад Табою,
Як звычайны чалавек трапешча перад тым, хто сільнейшы за яго.
Ці як малы трапешча перад вялікім, так і будзе трапятаць
Кожны, хто пасмее да Цябе дакрануцца з нячыстым намерам.
Кожны нячысты намер вырвем і ўсадзім туды, дзе быў пасаджаны.
І будзе ён потым вырваны, як каласоўнік, і засохне, а потым – печ.
І гарэць будзе, а ворагі Твае скажуць:
«Навошта ішлі супраць Цябе, каб знішчыць?»
Бо Ты натхніш чалавека сваімі прасторамі і сваім небам
Для барацьбы. І той будзе біцца не мячом і шчытом,
Але словам і праўдай, бо гэта справядліва і слушна.
У Табе, Маці, бачыць чалавек натхненне. У тым,
Што ў Цябе ёсць і ў тым, чым Ты багата.
Не патрабуе сын Твой сапраўдны золата з срэбра,
Каб стаць багатым, але патрабуе Цябе,
Каб не стаць бедным. Бо без Цябе беларусу – жыць бедна.

Ты насычаеш яго, каб ён не памёр. Родзіш Ты
Хлеб, які на сталах ляжыць. А мы ж за гэты дар
Дзякуем Богу Стварыцелю і Табе, Зямля святая,
Што Ты хлеб урадзіла, што не галодны чалавек Твой,
Аб якім клапоцішся без устанку.
Ты ж як маці тых, хто пайшоў на вайну, - чакаеш.
Ты ж дапамога ўсім абяздоленым і прыгнечаным.
Такім Ты песню сваю спяваеш,
Аж на тварах іх узыходзіць сонца,
А калі спяваць перастаеш, дык хмурнее чалавек
Без песні Тваёй.
Магчыма, прагнеш Ты ўвагі і разумення да Сябе,
А мы не можам зразумець, чаго прагнеш.
Часамі нам чуецца: « Шануйце мяне, бо я адна ў вас»,
А мы, чуючы, не разумеем, бо заняты не Табою.
І жах нам, калі страцім Цябе. Нас ніхто не накорміць
Хлебам Тваім, бо такі хлеб толькі ад Цябе.
Не заззяе без Цябе на тварах чалавечых сонца,
Бо Ты – Сонейка адзінае для таго, хто любіць Цябе,
Моцна і непарушна любіць, аддаючы сябе ў ахвяру за Цябе,
О радзімая старонка, якую многа хто хоча зруйнаваць
І мала хто хоча шанаваць.
Але без пашаны да Цябе яны самі зруйнуюцца,
Сэрцы іх не змогуць дыхаць без Твайго водару і духмянасцяў,
Якімі ты водарыш усё нутро сваё.
І калі чалавек насычаецца хлебам Тваім і водарам ад яго,
То няхай яшчэ больш насыціцца водарам,
Што да сэрца імкнецца і без усякіх перашкод
У сэрца, якое Цябе любіць, прыпадае.

Святая Зямля! Калыска маленства майго
І маленства ўсякага, хто ў Табе нараджаецца!
Ты даеш адпачынак і супакой.
Калі перастане любіць Цябе чалавек,
Значыць ён згубіць сваю калыску спакою
І станецца цалкам няшчасны ад раўнадушша да Цябе.
Ты пачнеш клікаць яго, я ведаю, бо Ты добрая, о Зямелька,
А ён супраціўляцца стане, не ведаючы, ад якой асалоды адмаўляецца.
Будзе ён як на моры, што бушуецца, і як на вежы,
Што хутка рухне ўніз, і зломецца ўсё збудаванае ўшчэнт.
А той, хто застаўся з Табою і не пакінуў Цябе дзеля
Дабра, што не яму належыць, але другому,
Будзе радавацца ў Табе, бо Ты яго пракарміла
І навучыла любові, бо сама ў любові створана.
І таго, што ад Цябе выйшаў, стварыла ў любові,
Без якой чалавек – месца пустое і засохлае.

Усё ў Табе пачынаецца, Маці-Айчына,
Але я, маючы пачатак у Табе, прагну,
Каб усё ў Табе таксама і скончылася.
Бо вялікі дар гэта – нарадзіцца, жыць
І памерці ў Табе і дзеля Цябе.
Гэтага прагну я. Дык прымі песню маю,
Табе прысвечаную, ад напісання якой
Узрадавалася маё сэрца,
Якое радуецца ў Табе і сумуе ў Табе
І па Табе. Памятай, Радзіма мая: Ты не пакінута.
З Табою мы, народ, які любіць Цябе,
Бо Ты ўзор лагоднасці нам даравала,
Сілу мужнасці і мудрасць любові.
Усё гэта ад Цябе. І нам няма іншай радасці,
Як ведаць, што мы нараджаемся, жывём
І паміраем у любові да Цябе.


Рецензии