Сёння спякотна...

***
                Наталлі Аляксандраўне Рудневай,
                народнай артыстцы Беларусі

Сёння спякотна, ды добра, што крыху імгліста.
Сохне цыбуля. Часнок ужо высах амаль.
Льецца гармонія гукаў, як музыка Ліста,
І ў небе блакіт шараваты, нібыта эмаль.

Сінтэз мастацтваў, як музыка Феранца Ліста, –
Неба імглістага, сонца, птушыных дзінь-дзінь.
Ў гэтакі дзень я б хацеў быць адно піяністам,
Жывапісаць бы хацеў гэты жнівень адзін.

Грошай не ўзяў бы за музыкі гукі і стрэлы,
Ў публіку ўзяў бы такіх жа, як я, цыганоў.
Граў бы і граў, каб навокал усе ашалелі.
Граў бы і граў неўміручую сэрца любоў.

Сёння спякотна, ды добра, што крыху імгліста.
Быць піяністам і граць, як лісточкамі лес…
Слухаю музыку венгра я – Феранца Ліста –
І да мастацтва душою нібыта ўваскрэс.

05. 08. 2022 г.


Рецензии