Лупiць дождж такi, што...
Радзіме
Лупіць дождж такі, што немагчыма
Зараз мне ні жыць, ні працаваць.
Міма йдзе шляхетная Радзіма.
Ёй мяне навошта заўважаць?
І жыццё ляціць таксама міма,
Хіба бусла падыму пяро.
Гэта ўсё, што дасць мая Радзіма,
Нібы з ёю стаўлю на зеро.
Можа, што жыву зусім без грыму,
Як праменьчык сонечны ў акне?
Лупіць дождж такі, што немагчыма
Ясназорым заставацца мне.
Гнаны буду летам я і ў зімы
Сінявокай мамаю сваёй –
Сённяшняй няўдзячнаю Радзімай,
Што мяне абходзіць стараной.
Лупіць дождж такі, што немагчыма
Нам не ліцца разам на зямлю,
Што заву адзінаю Радзімай
І да скону самага люблю.
03. 08. 2022 г.
Свидетельство о публикации №122080304028