Пустэча

Імглістыя сны, трывожныя думкі,
Дрыготкае шкло, забытыя рэчы.
Гадзіннік стаіць, ля выхаду клумкі,
А ў сэрцы тваім бязмежжа пустэчы.

Вяртанне ў сябе адносна магчыма,
Вяртанне сябе – дарэмная справа.
Свет бачыць усё сляпымі вачыма,
Вайна ўнутры: і злева, і справа.

Засохлая кроў мінулых памылак:
Ганчар, Шарамет, Захаранка – плямы.
Не змые памылкі часу абмылак,
Гадзіннік стаіць бліз лёсавай ямы.

Мяркуеш: ляцець, ці лепей застацца?
Скразняк на мяжы, паўдня – і  сустрэча.
Вайна пачала смяротныя танцы,
А ў сэрцы тваім пануе пустэча.

20.07.2022


Рецензии