Марыупаль

Гэты горад -- нібыта рупар:
Боль і праўда вайны з Расеяй.
Акрываўлены Марыупаль
Не здаецца, ён веру сее.

Ён жыве без вады, без ежы,
Ён страляе з сырых падвалаў
І ахоўвае краю межы,
Дзе схаваная мора мара.

Украіна! -- Ён боль твой слухаў:
Яго сэрца сціскалі стрэлы.
Застывала на твары скруха,
Вырасталі падвалы ў стэлы.

У змаганні з ардой расейскай,
Што кальцом ачапіла горад,
Ён чакаў ад Еўропы звесткі
І не думаў зусім пра гора.

Дайце ж, людзі, яму надзеі,
Дайце волі, каб змог ён марыць,
Каб у вочы яго глядзелі
Не вайны, а жыцця штандары.

04.04.2022.


Рецензии