Травеньскае
Заснежыўся яблынь пялёсткамі ранак,
Дзе сонцамі ўчора так ззяў дзьмухавец,
А сёння цынк воблакаў шэрым экранам
Азмрочыў цнатлівасць вішнёвых завей.
І сэрца застудзіцца процістаяннем
Крыху... Ды прытулку не даўшы журбе,
Падзяку шлю, квецень убачыўшы, Пане,
Бог мой, што жыву, і ўслаўляю Цябе!
Спадзеў маю: стрэнуцца ісціна й міласць,
Падасць травень чэрвеню мірна руку...
З зямлі ўзнікне ісціна, праўда - на крылах
З нябёс прыхінецца на нашым вяку.
І яблык бурштынавы, выспелы колас
Народзіць зямля, як свет* праўды прымкне,
Скіруем жа толькі свой крок на той Голас,
Які нам пачуць бы і ў гэтай вясне.
Адваліцца завяззю хай безразважнасць, -
Атрутай і горыччу нам яе плод...
Тады Сам Пан Бог нам, напэўна, і скажа:
- Табе мір, табе, мой абраны народ.
22.05.2022 Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)
* свет(бел.) - мир( рус.)
Свидетельство о публикации №122053006455