Дарога дамоу

Палічыць час гады – пакліча
Дамоў дарога, зноў і зноў.
Малюнкі ўспомніш і аблічча
Прысад вясковых, звон званоў

Царквушкі той, што на пагорку,
Што велічаюць людзі – Храм.
Успомніш бэзу пах прагорклы,
Варон сівых – вароні зграй!

Успомніш, мабыць, скібы бульбы,
Як ты кручком на іх стаяў,
Парэчак смак і спелай дулі,
Чым дзед з дарогі частаваў.

Вядзерца ягад. Пах маліны.
Пах сырадою раніцой –
Як маці раненька падыме,
Каб гнаў кароў на травастой.

І як вазілі сена ў пуню,
Аралі ўзімку агарод…
Было цікава ўсё, што помню,–
Някепска жыў тады народ!

Быў час такі, як Спас мядовы,
Савецкі наш шчаслівы час.
Быў бацька малады, здаровы,
Хварэў душой хто за калгас.

Вучыў навукам сельскім нас ён,
Як што да ладу дзе падаць –
Плот гарадзіць, рабіць запасы,
Насенне дбайна адбіраць…

Мянціць касу, вастрыць сякеру,
Каня ў дарогу падкаваць…
Як сын я бацьку дужа верыў,
Стараўся ўсё запамінаць.

Пасля прыйшла перабудова,
Саюз распаўся, як калгас,–
Настаў другі час… Нібы новы,
Але не радуе ён нас.

Няма на вёсцы песняў, жарту,
Прытулак старасць тут знайшла –
Няма паэтаў, музыкантаў…
Зямля кустоўем парасла.

Навокал дзіка. І суцішна.
І не пазнаць свой родны кут.
Ніхто не беліць яблынь, вішняў,
Не сее хлеб ніхто больш тут.

Адно душа баліць парою,
Што шмат не здзейнена чаго –
Шмат парасло што лебядою…
Але й спытаць няма з каго.


Рецензии