Стась Высоцкi 7
На поўнач ад хацінак Тучы
Стаіць паноў Еленскіх двор.
Парадку новага ўзор
І ў камунізм шлях немінучы:
Паноў саслалі ў Казахстан,
Канфіскаваўшы ўсё, што мелі!
Ў таварняку паехаў пан
І ўсе, што быць пры ім хацелі.
Панамі сталі парабкі, бо
ў тым 39 годзе
Паноў знішчаць было ў модзе!
Пасля вайны там стаў саўгас
Пад назвай выбітною: "Туча".
Паноў забылі. Хоць балюча
Глядзець было, як кожны раз
У час сяўбы, як па заказу,
Ды і пад час другіх работ,
Райкам даводзіў план саўгасу,
Якім павінен быць прыплод,
План па надою ад каровы, і калі сеяць буракі -
Хоць не патрэбны і не новы, але ж выконвалі такі!
Палац Яленскіх - дом з франтонам
Ў вянку з сярэбраных таполяў
Глядзеў там на сяло і поле
Радамі вокан задумёна.
Перад парадным уваходам -
Парку ландшафтнага кілім
Збягаў з узгорку. Пахла мёдам,
Цвілі ўсё лета кветкі ў ім.
Рой матылькоў і пчол прыгожы
Збіраў нектар з руж агарожы.
Парк меў мяжою брукаванку
І, як па ёй каціўся воз,
Падковаў звон ці грук калёс
Чутны былі і ў вёсцы зранку.
Граніт быў гладкі, адабраны,
І так паложаны майстрамі,
Каб пальмы ствол ствараў жаданы
З галін раскошнымі шатрамі,
Дажджу дзе кроплі ў дзень вясенні
Да ствала беглі б па каменні
Дарогі ўздоўж, нібы маністы,
Ад спіртзавода да шашы
Стаялі елкі. У іх цішы
Быў ветру подых волкі, чысты.
Далей два шулы ад варот
Паўразабраныя стаялі -
Парадны колісь уваход
На ўзгорак і к маёнтку далей.
Ў палацы ж месціўся да часу
Дырэктар гэтага саўгасу.
На поўнач ад палаца пана
Быў агарод з фруктовым садам,
Што ахінаўся ліпаў радам,
Стаяў між іх клён нечакана.
Гумно, дарога-брукаванка,
Цераз балота на край лесу.
Дамы для парабкоў, падпанка –
Цівуна меснага замесу.
Падвал для спірту, спіртзавод
Канюшня, кузня, паварот.
Лядоўня, каля кузні той,
Дзяцей тым вабіла трывала,
Што ў спёку лета лёд хавала.
Яна ў сярэдзіне сваёй.
Лёд гэты секлі на кускі,
Каб з малаком абкласці чаны.
Дзятве давалі кус, які
Быў, як марозіва, жаданы.
Наўкола сажалкі – таполі,
З буслянкай у шырокім голлі.
На сажалкі канцы паўднёвым
Стаяў калісьці млын стары.
Як успамін з тае пары,
Застаўся мост з насцілам новым
Ды ў два рады чарнел палі,
На якіх колісь млын стаяў.
Цяпер ракі Тучанкі хвалі
Раку і той злучылі стаў,
Што яны разам ушыркі
Стваралі метраў сто ракі.
Паўз сажалку ад вілы пана,
На поўдзень, леваруч ракі,
Па грэблі і праз два масткі
Была ў вёску скіравана
Са жвіру тупкая дарога.
Праваруч возера ляжала.
Русалкі месяца нарогам
Люстэрка возера, бывала,
Забыўшыся ў гульні, хісталі,
І плёскалі на бераг хвалі.
Хаціны Тучы на пагорку
Стаялі з захаду на ўсход,
Пляц акружаў штакетны плот.
Вяргіні, ружы ў панадворку,
Сады з груш, вішань, яблынь, сліў,
Дамы пад бляхай ці шчапою
Ды з аканіцамі на ўздзіў
Майстроў аздоблены разьбою.
Яна служыла ў тую пору
Як абярэг ад загавору.
Ў саўгасе платаю за працу
Рубель быў. Тут рублём плацілі,
І людзі з вёскі больш хадзілі
Па грэблі к панскаму палацу,
Бо грошы зменьшвалі турботы;
Было не трэба на базар,
Купіць за іх у краме ўсё ты
Мог, калі толькі быў тавар.
А меўшы грошы на тавары,
Няма патрэбы і ў базары!
Было так лепей, больш удала.
Быў стрыжнем партыі саўгас
І на сяле рабочы клас
Ён памнажаў даволі стала.
Як прадстаўнік КПСС*,
Дырэктар правіў тым саўгасам,
У камунізм вёў і ў прагрэс
Дарогай, невядомай часам,
Рашала бо КПСС
Нязьведаных праблемаў лес!
На тым шляху было нямала
І дасягненняў, і параз,
Бо новае не можна ўраз
Адладзіць так, каб шлях трымала.
Быў то эксперымент дзяржаўны:
Грамадства рэзалі, сшывалі,
І не заўсёды быў той спраўны,
Хто лейцы браў, каб ехаць далей.
Памылкі той крутой пары
Відны, што ты ні гавары.
* - Камуністычная Партыя Савецкага Саюзу (адзіная правячая партыя ў СССР!)
Свидетельство о публикации №122042208297