Сёння судзiлi Iсуса i укрыжавалi...

***
Сёння судзілі Ісуса і… укрыжавалі,
Сёння настала Хрыстова крыжовая смерць.
З сумам гляджу ў вечаровыя шэрыя далі
І не памерці хачу, а хачу так глядзець…

Сёння судзілі Ісуса, бо не зразумелі
Слоў Яго ясных заўчасных, збавіцельных слоў.
Укрыжаваць не злачынца, Яго захацелі.
Сёння памёр не Ісус, а памерла Любоў.

З сумам гляджу ў вечаровыя шэрыя далі
І не памерці хачу, а хачу напісаць,
Як асудзілі Ісуса і... укрыжавалі…
Могуць і сёння за гэткае ж укрыжаваць.

22 красавіка 2022 г., Вялікая пятніца.


Рецензии
Могуць. Дзякуй за цудоўны верш.

Архиреев Юв   04.06.2022 17:57     Заявить о нарушении