Стась Высоцкi 6

Kалгас "Чырвоны партызан"

Быў красавік. Яшчэ не стаяў снег,
Ад сонца ён хаваўся за платамі,
Хрумсцеў падмёрзлы ўранку пад нагамі,
Званіў  "кап-кап" - пад сонейкам са стрэх.
Штораніцы паліла мама ў печы,
Пякла аладкі з пытляванае мукі,
Мачанку смажыла, жылі бо не ў галечы
З баршчом і з бабкай пражыла гаршкі.
Чыгун вялікі бульбы там варыла,
Каб ежы для сямейкі ўсёй хапіла.

Матуля Воля была статная кабета:
Рост немалы -  аж метр 62,
На лебядзіна стройнай шыі галава
Нясла вянок з двух кос пад колер лета.
Высокія, жанкам на зайдрасць, грудзі,
З асінай таліяй прывабна стройны стан.
Як ворана крыло, разлёт брывіны будзе,
Што песціць  карых воч бяздонны акіян.
Хадою лёгкая, нібы вятрыска ў полі,
Была адметнай ад усіх жанчын даволі.

Увішна прала і ўмела коўдры ткаць
На кроснах усю зімку да вясны.
А для дзяцей, каб прыляталі сны,
Казала казкі і любіла напяваць
Чысцейшым, як вада з крыніц, мецца-сапрана
"Купалінку" ці "Спі, каток мой, люлі-люлі",
"Пасеяла гурочкі",  "Ой, рана на Івана",
Што людзі ход спынялі, як іх чулі.
Бо гэтулькі цяпла няслі напевы тыя,
Як быццам кранаў Арфей сам струны залатыя.

Расла хоць сіратой яна ў бабулі з дзедам
І ўжо з сямі гадоў запрэжана ў работы,
Да сэрца блізка і жанок другіх турботы
Прыймала ды давала ім парады следам.
Дзяцей любіла болей за сябе,
Нясла ім і спакой, і абарону,
Падтрымлівала дух іх у журбе,
Жыла з другімі па дабра закону:
Калі магла, то шчыра даравала,
І жменя для дароў не пуставала.

Па вечарах збягалася дзятва
Сяброўкі Машкі, Стася - поўна хата.
Ігралі музыку Ясь з Колікам багата,
Што часам аж звінела галава.
Гулялі ў жмуркі. Іншы раз прыгоды,
Расказваў Ясь, вясельныя здарэнні,
Што сведкам бачыў у былыя годы,
Камізм выпадкаў у расказе быў карэннем.
Прыгоды ж Ясь апавядаў настолькі ўдала,
Што ўся кампанія ад пуза рагатала.

Праз год па пераезду ў Тучы стаў калгас,
Бясплатна туды коней паздавалі,
"Людовы дом" ці клуб на стайню разабралі,
Адмеціўшы той "дзеяй" новы час.
Каноплі сеялі, і тэмпы былі ўзяты
Высокія, хоць людзі не хацелі,
Мяхі ткаць з іх і віць канаты,
Патрэбныя у "карабельным дзеле",
Але так загадаў райкам, бальшавікі
І людзі сеялі не жыта а "мяшкі"!

Прыйшла з райкама ў Клецку пастанова:
"Стварыць "Чырвоны партызан"- калгас,
Каб кожны член яго без кошту ў блізкі час,
Унёс туды цягло і ўсе палеткі адмыслова.
Лаўрын Якубчык яго будзе старшынёй,
А брыгадзірам выбраць Заяленчыка Івана!".
Былі бо галата, хоць мелі  кожны свой,
Надзел, і не малы, ды хлеб канчаўся рана.
Як мокрае гарыць - абодва працавалі,
Зямельку ж пад працэнты ў арэнду аддавалі.

Калгас для яго членаў стаў, як бы сям'я,
Жыццё ж зрабілася  ад партыі залежным.
Калгаснік працаваў на полі ўжо бязмежным,
Ды вызначаў райкам сяўбы час і жніўя.
Ў калгасе селянін быў вымушаны красці,
Бо мераю работ пусты быў працадзень,
І хто не працаваў ды краў – той жыў у шчасці,
А чэсны працаўнік хлеб меў не кожны дзень.
І толькі старшыня за новага жыў пана,
Ў калгасе ўсё яму было падаравана!

Калгаснік жа карміўся з агароду,
Надзел у 20 сотак кожны меў,
Раслі звычайна там пару садовых дрэў,
Між імі бульба. А стаццёй даходу
Былi карова, парсюкi, курыны статак.
Iх ды смятану, мяса з салам прадавалi.
Хоць не вялікі, але ўсё ж дастатак,
Бо грошай у калгасе не давалi.
Без пашпартоў жылі i лепшай долi
Шукаць і не маглi, жылi бо ў няволi.

Пасля Лаўрынавых пагрозаў доўгі час ,
Зямлю, каня i воз, каб было толькі цiха,
Здала ў калгас матуля бацькi, Адасiха,
А бацька Стася не  ўступiў сам у калгас.
Служыць нягоднiкам лiчыў ён за абразу,
Бо хто бяднотай быў - той жыць не ўмеў!
Ён верыў, будзе мець сацыялiзм паразу,
I быць сярод зладзеяў не хацеў.
Збылося ўсё, ды больш не ўбачыў ён
На бацькаўшчыне новых светлых дзён.


Рецензии