Стась Высоцкi 5

Паход у Руду

Наш Стасік сталым стаў даволі:
Чатыры  ўжо яму гады,
Дарогай, што вядзе па полі,
Ідзе ён з Тучы да Руды.
Сядзець не хоча адзін дома.
Хады ўсяго гадзіны з дзве,
Дарога добра ўся вядома,
Як карта ў хлопца ў галаве.
Ідзе пад спевы жаўрука
Праз поле да Маладніка.

Хадзіў ён з мамаю не раз:
К Раінцы бабе несла мама.
Вяла дарога, помніў, прама
Ўскрай лесу і на пералаз.
За ім Раінкі бабы дом,
Далей лужок і рэчка Нача
Цячэ, звіваецца вужом,
То часам па каменні скача.
Бярозак белых гурт вясновы
Збягае пад ялінаў сховы.

Садок ад дому і да Начы,
Антонавак там дрэвы тры,
Наліву белага шары
Прывабліваюць зрок дзіцячы.
Сінеюць слівы. Сонца блікі,
Прабіўшыся, праз дрэваў шаты,
З званкоў, рамонкаў, павілікі
Кілім расквецілі багаты.
Там язьвінь аздабляе дом
Бутонаў срэбраных кустом

Ад хаты вузкая сцяжынка
Збягае ў сад пад кроны дрэў,
Пад салаўя вясновы спеў.
І да крыніцы, дзе Раінка
Бярэ ваду. Яна ў крыніцы
Халодная і ў спёку лета,
Калі так хочацца напіцца,
І смага сонцам так нагрэта,
Што за глыток тае вады
Аддаў бы й золата груды!

Крынічка ў Начу выцякала,
Дзе ў ямах і вірах ракі
Жылі язі ды шчупакі,
І ракаў там было нямала,
Вусатых чорных ды з кляшнёю
Таўшчэйшай, чым рука у Стася.
Рак рыбак перашчыкваў ёю,
Як яму лоўля ўдалася.
Былі там мянтузы, ліні
І процьма плотак ва ўсе дні.

Там косы распляталі плыні
Русалак, што ў вірах жылі.
Дзяўчаткі сельскія былі,
Якіх змануў і жорстка кінуў
Сядзець адну часам з дзіцём,
Забыўшы клятвы ўсе каханы.
Яна ж, жыла што пачуццём,
У рацэ гаіла сэрца раны.
Русалкаю рашыла стаць,
Каб яго ноччу ўпільнаваць,

Калі ён прыйдзе да ракі
Лавіць ці рыбу, ці напіцца,
Гатовы неўспадзеў з'явіцца
Русалкі тонкіх дзве рукі.
Халодныя, як быццам з лёду,
Так цесна шыю абаўюць,
Зацягнуць здрадніка пад воду,
І скончыць  ён жыццёвы пуць!
Даволі страшнае паданне
Пра вераломнае каханне.

Каханне ж - пачуццё святое!
Русалак Стасік не сустрэў
Ды і жаданнем не гарэў
Пабачыць ноччу  дзіва тое.
Ён болей верыў, што іх душы
Перасяляюцца ў стракоз,
Што расцвітаюць, нібы ружы,
Зляцеўшыся на ціхі плёс.
Зялёна-сінія з адценнем
З празрыстых крылаў шапаценнем

І з галавой, бы ў верталёце,
З цёмна-бліскучымі вачыма.
Яны ўсё бачылі, што міма
Іх праплывала ў палёце.
Як ветрык,крылаў шапаценне,
Чутно было, як  застывалі ,
Шчапіўшы целы на імгненне,
І ў люстра вод нырца давалі.
Другія ж адляталі ўбок,
Што нават не лавіў іх зрок.

А тыя, што ў вадзе знікалі,
Былі русалак душы гэта.
Іх сэрцы адагрэла лета,
І на адзін дзень яны сталі
Ізноў жывымі. Узляцелі,
Каханака між жывых шукаці,
Каб яму крылы шапацелі
Найпершым  словам немаўляці,
Што мець не прагнула багата:
Матуля каб была і тата!


Рецензии