Стась Высоцкi 4
Дзяцінства Стася дзень за днём
Цякло няспешнаю хадою.
Аддаў бы многа ён за тое,
Каб зноў убачыць двор і дом
З двумя клянамі, бы ў вяночку,
А спераду бярозы шаты,
Дзе мама першаму сыночку
Гарод садзіла каля хаты:
Цыбулі, буракоў, фасолі
Расло на градках там даволі.
Стась там любіў гуляць адзін
І вырываць, як мама, зёлкі,
Але пасля яго праполкі
Не рос там болей і палын.
Быў пляц гатоў для новай буды:
Ён розных палак меў даволі -
То былі тычкі ад фасолі,
Што Стасік вырываў усюды.
Вялікай не рабіў бяды -
Яму хапала з паўграды!
Мінула год ці паўтара,
І Стась асвоіў агарод.
Затым ён выйшаў у народ,
На вуліцу, дзе дзетвара
Гуляла ў хованкі, ляпіла
З пяску і замкі, і палацы.
Так бавіць цэлы дзень любіла,
Пакуль бацькі былі на працы,
Але кідалі ўсё на месці,
Як мама клікала іх есці.
Затым, у позні надвячорак,
Забыўшы ўсё, хацелі спаці.
Хоць ногі мыць казала маці,
Яны спрытней нават вавёрак
Маланкай падалі ў пасцелі
І засыналі на хаду,
І есці нават не хацелі,
Часамі, на свю бяду,
Бо мама ўсё-такі будзіла
І ўсё роўна ногі мыла.
Дзень новы пачынаўся ціха,
Рыпела брамка ля варот,
І за кульбакай напярод
Ступала баба Адасіха-
Матуля Стася бацькі, Яся,
Жыла, што на другім канцы.
Прыходзіла, каб клікаць Стася
К сабе ў госці на блінцы.
Стась рады быў таму паходу,
Бо да блінцоў давала й мёду!
Аднойчы з бабай Адасіхай
Стась рушыў порстка са двара,
Бо есці мёд была пара.
Ды па дарозе Мазурыха -
Сяброўка бабіна, сядзела.
Прыстала баба сама к ёй
І слухаць Стася не хацела.
Бабулю Стась кульбакай той
Чуць падагнаў. Бо бавіць час
На плёткі не хацеў якраз!
Бабулю злосць апанавала,
Яна зайшлася ў праклёне,
Яго Стась помніць да сягоння,
І як яна тады крычала.
Ды ўсё прайшло, як навальніца,
Што грымне чуць і ўжо сіхае,
Нядоўга так магла сварыцца
Была бабуля не благая.
Стась, перажыўшы гэткі жах,
Не захацеў працягваць шлях!
Нядзелю, можа, нават болей,
Да бабы Стась не бег у госці,
Ды зразумеўшы потым штосці,
Пайшоў да бабы сваёй воляй.
І, яшчэ чуць адкрыўшы дзверы,
Прасіў у бабы прабачэння:
Няхай яна яму дасць веры,
Шкада што і яму здарэння!
Бабуля хай забудзе тое,
Бо ён жа ёсць дзіця малое!
На тым закончыўся паход,
Прабачыла бабуля ўнука,
А Стасіку была навука
На многа часу напярод,
Што нават калі бачыш вокам
Ты мэту, бегчы не спяшайся,
Прыкінь шлях лепшы, ці далёка?
І тады толькі адпраўляйся!
Бо ўсё ў жыцці йдзе па закону:
У спешцы не бывае плёну!
Свидетельство о публикации №122041607408