Стась Высоцкi 3
У лютым даў Бог прыбаўленне:
Малы, крыклівы, нарадзіўся брацік
Калыска заняла куток у хаце,
Дапоўнілі пялёнкі печы аздабленне.
Было цікава, як малое цыцку ссала
І кулачкамі мяла маме грудзі,
А вачанятамі на маму паглядала,
Як бы пытала, ці яшчэ што будзе.
То ручанятамі лавіла валасы
Ад мамінай расплеценай касы.
Пасля кармлення засынаў Антон,
Яго ў калыску мама ціха клала
І нейкі час ціхутка калыхала,
Пакуль не наступаў спакойны сон.
Сястра Марыйка, іншым разам Стась
Яго, як прачынаўся, калыхалі.
Калі ж Антось не спаў, то тата Ясь
Яму на скрыпцы граў, шыбуючы па залі.
Малы сціхаў, пачуўшы скрыпкі звон,
Здзіўляў нас музыкальным слыхам ён.
Часамі прыязджалі з Тучы госці:
Калодачка Валодзік, Колік Кавалёў,
Ён на гармоніку іграў – будзь ты здароў,
Калодачка ж на барабане грукаў штосьці.
Лілася музыка праз вокны на прастор,
Ёй падпявалі жаўрукі ў небе,
Гайдаў яе на лапах рэха бор,
І водгук паднімаўся краскамі на глебе.
Бо музыка ўсё наваколле ажыўляла
І слёзы радасці і шчасця выбівала.
Нібы з якой чароўнай табакеркі,
Ліліся гукі стройныя на волю
Пра час былы, пра радасную долю.
Усё паланэзы, вальсы ды абэркі.
То па-де-грас, то полька- завіруха,
Лявоніха, кадрыль за ёй-- гапак
Былі да густу й гарадскога вуха,
А пад канец канцэрта - кракавяк!
Правай--за талію а левай-- за руку:
Хадзілі пары далікатна ў танку!
Зіма згасала. Плыў па Начы лёд.
Журчэлі між бярозак ручаіны.
Прынесла радыё цудоўныя навіны:
Сталін памёр. І ўздыхнуў народ.
Стаў Маленкоў ужо Прадсаўнаркома,
Сакратаром КПСС Мікіта стаў Хрушчоў,
Знік Берыя кудысьці--невядома,
Як дзесяць год таму прапаў Яжоў.
Правадыры ж, употай ад людзей, да рана
Дзялілі спадчыну памерлага тырана.
Прыйшла вясна. Падсохлі слёзы
У школьнікаў. Бо плакалі з нагоды
Канчыны Сталіна ўсе эСССР- народы
Нягледзячы на моцныя марозы.
Жыццё запланаванай каляінай
Паўзло без Сталіна няўдала, як пры ім.
Народ заняты думкай быў адзінай,
Каб выжыць як ў сацыялізме тым.
Бо нават хлеба людзям не хапала,
Яды ж сістэма картак не стварала.
Ў канцы сакавіка на двор заехаў воз.
І ўсё дабро сям'і на воз той загрузілі,
Антося ў ночвах зверху палажылі
І рушылі пад звонкі стук калёс.
Бывай, прытулак мар! Шчаслівыя дзянькі
Стась зведаў тут не раз вясноваю парой,
Калі збіралі сок з бярозаў у збанкі.
Там, дзе сок кіслы быў, біў гладышы "герой".
Казала маці, і суседзі так казалі,
Што, мабыць, гладышы каровы патапталі.
Бывайце, сябрукі! Мы весела гулялі,
Між хвоек і бяроз шукаючы чарніцы.
Бляск дыяментных рос нам будзе вечна сніцца,
І сонейкі суніц, што ў промнях росаў ззялі.
Да Курачыцкіх там вяла канава,
Гайдаў пад хвойкай Ясь акружную дзятву.
На елку Стась залез. На самы верх, праява,
І шышкі там зрываў, задраўшы галаву.
Матуля, яго ўбачыўшы, знямела, Баялася, што ўпадзе няўмела.
А вось і Туча. Двор, адрына, пограб, хлеў.
У вяночку з клёнаў за бярозай белай-- хата,
На горцы груша тоўстая кашлата
Трымае глебу. А на ёй свой новы спеў
Адладжвае ўжо шпак за нотай ноту
І, каб хутчэй пазбыць тую турботу,
Рулады ў наваколле сыпле з дрэў.
То яўкне кацянём, сарокай застракоча,
То п'яным дзецюком нястрымна зарагоча!
Свидетельство о публикации №122041307460