Стась Высоцкi 1

Уступ

Мой родны край! К табе іду я
Ўжо больш, чым 43 гады,
З тае пары, як малады
Паверыў, што жыццё існуе,
Каб гарызонты адкрываць
Ды іх святло ў край родны несці,
Ад змен жыцця не адставаць,
У сваім саку не стыць на месцы,
А множыць досвед, што народы
Пазналі на шляху свабоды!

Я свет пазнаць хацеў не з кніг,
Жыццё пабачыць за мяжою,
Ці ўсюды мернаю хадою
Яно і там ідзе для ўсіх?
Бо змен не ведала сяло
Дні йшлі у небыццё паволі--
Іначай быць і не магло,
Як мне аб тым казалі ў школе,
Бо апякаецца ўрад
І маёй доляй акурат!

І будзе, як Савет Вярхоўны
Намеціць і запіша ў план,
Не турбаваўся каб Іван,
Як жыць, а план выконваў поўны!
Народ жа меў штодня турботы:
Дастаць якой дзе каўбасы,
Даюць дзе ялавыя боты
І плашч "балоню" для красы?
Хоць духата ў ім стаяла,
Ды тое маладосць трывала.

1. Дзяцінства

Дзяцінства, яснае як сонца!
Чаму няма твае пары
Даўно ўжо на маім двары?
Чаму не доўжышся бясконца?
Бярозы там растуць высока.
На папялішчы роднай хаты
Іван-чай цветам песціць вока.
Стаіць на варце дуб кашлаты
Ды ў голлі гойдае заранку,
Што ружай расцвітае ўранку.

Вось выйшаў лось і рык хрыплівы
Панёс вятрыска ў наваколле.
Стаілася хваінак голле,
Прыцiхлі раптам лес і нівы.
А ён стаяў, чакаў адказу.
Напружыў ногі, як спружыны,
Каб канкурэнт займеў паразу,
Ён вінен быў у міг адзіны
Гатовы рынуцца ў бойку.
Чакаў ды рог вастрыў аб хвойку.

Вось так пішу і вокам бачу
З кілімам мяккім муражыным,
Затканым мятаю і цьмінам,
Я хутар бабін, рэчку Начу.
З травою-слёзкай ля крыніцы,
У парасонах валяр'яны,
Якой нанюхаўшыся п'яны,
Прылёгшы на чубок сівіцы,
Забыўшыся на ўсю работу
Заснуў у момант кот ля плоту.

Рачулкі мрою павароты.
Пазбыўшы прыцягнення сілы,
Стракоз чырвоных, сініх крылы,
То жоўтых i зялёных роты
Над  плынню завісаюць часам.
Плывуць назад, пасля--ўбок,
То счэпяцца ў паветры разам
І заварожваюць тым зрок.
Дзяцінства, што як іх крыло,
Няведама, куды сплыло....


Рецензии