На Баянi
На яркі вясновы раскрас
А ў памяці ярка, як кветкі
Стары ўсплывае расказ.
Калісьці ад нас недалёка
Стаяў на рацэ млын стары.
У пушчы глыбокай навокал
Вяліся бязьбедна звяры
Рака была поўная рыбы:
Лінёў, шчупакоў, мянтузоў.
Цвілі кіпарысамі шыбы
Ў хаціне пад час маразоў.
Млынар адзінокі з дачкою
Там бавіў самотнасць гадзін.
Яна ж прыгажуня. За ёю
Ўвіхаўся хлапец не адзін
Бо Начы не бачылі воды
Нідзе прыгажосці такой.
Любіла гулянкі, прыгоды
Як бы страказа над ракой.
А голас яе, сонца поўны,
Лячыў і турботы, і тлум,
Бо голас пачуўшы чароўны,
Пушчанскі сціхаў нават шум.
Маўчалі дубы і бярозы,
Лісцё замірала ў асін
Зіхцелі па новаму росы,
Круціў весялей жорны млын.
Было на млыне тым завозна,
Хоць шлях быў зусім не малы
Круціліся з рання да позна
Дубовыя жорнаў валы.0
Зьбягала мука ручайкамі:
Пытлёўка ці грубы памол,
Яе забіралі мяшкамі
Падводы з мястэчак і сёл.
Млынар быў крыху змеяваты,
Мянушку меў - чорны вядзьмак
Прысадзісты, каржакаваты
Сярэдніх гадоў здаравяк.
Яго Чорнакніжнікам звалі,
Пятром хоць хрысцілі ў царкве.
У яго паратунку шукалі,
Калі недзе скула нарве.
* *
*
Стаяў гэты млын ля дарогі,
Што з Тучы вяла ў Машукі.
Апоўначы там без трывогі
Хадзілі дзікі ды ваўкі.
Дарога ў лагчыну збягала
Па грэблі на бераг другі.
Там возера люстра блішчала
У раме зялёнай кугі.
Цьвілі гарлачы і лілеі
У водах празрыстых да дна.
А ўлетку, як сонца прыгрэе,
Была ўночы постаць відна.
Прыгожае, зграбнае цела,
Даўгія, да пят валасы.
Русалка была, што хацела
Ўсплысці да пясчанай касы.
І ў срэбраным месяца ззянні,
Як камень застыць пад вярбою,
Каб любы, што прыйдзе ўранні,
Паклікаў яе за сабою.
Бо, як мне расказвалі людзі,
Русалка - Пятрова дачка,
Што гора ніяк не забудзе,
Хоць слёз пралілася рака.
* *
*
Расказвалі людзі старыя,
Марыю кахаў моцна Ян,
Жыла толькі ім і Марыя,
Ён быў яе рыцар і пан!
Ўжо ведала ўсё наваколле,
Што будзе ёй млын ў пасаг.
Склікалі гасцей на застолле,
Стралялі дзікоў па лясах.
У возеры рыбу лавілі,
Прыносілі з вулляў мяды
І вэлян бялюткі пашылі
З пялёсткаў, што снежаць сады.
У год той зямля ўрадзіла
Цвіла хараством, бы зара.
Ды Клецак няўчас асадзіла
Дружына чужога цара.
Там Ян атачаў абарону
На беразе Лані-ракі.
Паранены быў. Ды да скону
Трымаў ён пярсцёнак, які
Марыя яму даравала
У месяца срэбным святле.
"Чакаць цябе буду!" - казала,
"Як нават згарыць свет у тле!"
"Не вернешся ты, я ў Начы
Прытулак знайду між лілей.
Вяртайся! Хай сэрца не плача!
Бо свет мне з табою мілей"
Як памяць аб іхнім растанні,
Там камень ляжыць пры вярбе.
То ў камень застыла каханне,
Што ўсё адлілося ў журбе.
Чакае дзяўчына пры мосце,
Сцякае расой па траве
Слязою. Чакае ў госці
Кахання, што ў сэрцы жыве!
Свидетельство о публикации №122040606183