Гiльза ад нагана

У Курапатах, ля старое ёлкі,
Знайшоў я сёння гільзу ад нагана.
У цела маё ўпіліся іголкі
І на душы зрабілася пагана.

Пустая гільза без адлітай кулі
Праз шмат гадоў патрапіла на вочы.
Я разам з ёй убачыў ката скулы
І позірк з пад фуражкі дзікі, воўчы.

Не беларус ён! -- Азіят няйначай,
Што нарадзіўся, вырас у ауле.
Ён цэліцца ў жанчыну. Тая -- плача,
Ды здрайца ў форме не шкадуе куляў.

Галосіць лес, разносіць стрэлы рэха.
Праз сіта зорак пазірае неба.
Ніхто не скажа пасівелым стрэхам,
Чаму ў тым лесе набрыняла глеба.

Ніхто не скажа, што забойцы НКУСу
У лесе тым народ мой вынішчалі
За тое, што яны ўсе -- беларусы,
Якія сваё права абвяшчалі.

Схіліўся карнік над сваёй ахвярай,
Сарваў з рукі пярсцёнак, зняў гадзіннік,
А потым -- скінуў цела ў пашчу яра,
Які засыплюць роўна праз гадзіну.

Старая гільза: гільза ад нагана --
Яна была і застаецца сведкам.
Рэпрэсій час -- вялікая загана --
На кожнай гільзе -- рук крывавых метка.

Унукі тых забойцаў і сягоння
Знайсьці не могуць для душы спачыну.
Бянтэжыць іх і мова, і Пагоня,
І сцяг, што аздабляў маю Айчыну.


Рецензии