ВЕРА

Вернецца кожнаму вера яго
Цераз старанні, спадзевы, малітвы.
Зерне, што ў глебу Айчыны лягло --
Вырасце, стане калоссем налітым.

Нашыя думкі -- зярняткі зямлі.
Кінь іх у глебу -- і ніва зайграе
Вольным калоссем, што промні ўзнялі,
Каб каласіла жыццё па-над краем.

Людзі-зярняткі! -- Я Вас папрашу --
Родную ніву, як маці любіце:
Не прадавайце чужынцам душу --
Тых, хто прадаўся -- кіямі ганіце!

Ніве Айчыны патрэбен той спеў,
Што на зажынках зацягвалі жнейкі.
Сэрцам сваім я крануцца паспеў
Песні, дзе чуліся гукі жалейкі.

Вера народа і вера зямлі --
Гэта Айчына і матчына мова.
Мы ад яе свае думы ўзялі,
Каб вырастала з іх веры аснова.

Я не адрокся ад матчыных слоў,
Мудрасці продкаў і велічы краю.
Зернейка стала пасылам: паслом,
Кожнаму з нас, хто Радзіму гукае.

24.01.2021.


Рецензии