Лясная вечарына
Звяры выйшлі на гулянне.
На шпацыр з’явілась Ліска,
Як народная артыстка.
На ёй футра новае,
Знізу - паркалёвае,
Па гарсэце - яркі шнур,
А пад хусткаю - каптур.
Шэры Воўк зрабіў прычоску:
Ўсе шарсцінкі пад расчоску.
Ў боты ўправіў галіфэ,
Хоць ты кліч яго ў кафэ!
Упрыгожыў лісцем іглы,
Едзе Вож на матацыкле.
На кіёк апёрся Вуж,
Ён зусім ужо не дуж.
У вечаровую часіну
Зайцы мчаць на вечарыну.
Затрымала іх дарога:
Незнаёмых сцежак многа.
Нехта тэпае ў бары,
Мішка сунецца ўгару:
- Лапу моцна намазоліў,
Лез калі па гушчары.
Тут Андатра нуду нудзіць:
- Не да скокаў, трэба вудзіць.
Меркаваў сваё бабёр:
- Дзверы дошкаю падпёр.
Пад асінай састарэлай
Важна ўсселася капэла.
Пазбіраліся звяры,
Быццам добрыя сябры.
У металічныя талеркі
Б’юць сарокі-тарахцелкі.
Конік тузае за смык,
Ён да музыкі прывык.
Дзе вярба спусціла ветлы,
Грае Вожык на басэтлі.
Ціха цінькаў Салавей,
Прымасціўшыся далей.
У гармоніка Касулі
З двух бакоў мяхі раздзьмулі.
Зай з Зайчыхаю на пару
Выпрабоўваюць гітару.
Як сапраўдны гастралёр,
Выцінае штось Бабёр.
Разышоўся не на жарт
Цецярук - вядомы бард.
Клякаталі Журавы,
Прыпадалі да травы,
А Куніцы ля асокі
Дружна кінуліся ў скокі.
Матыля танцуе Грак -
Ножку гэтак, ножку так,
А ля пушчы ціха штось
Напявае дужы Лось.
Соўка дрэмле каля пня
З акулярамі для дня.
Назірае з-пад ламачча
Велькае сямейства качча.
Каб без дзеі не застацца,
Звяры сталі дамаўляцца.
Вочы ўва ўсіх гараць -
Лепей што за чым сыграць.
Раду радзіць Кот-янот,
Вельмі любіць ён матлёт.
Заявілі Павукі -
Ім лявоніху ўпякі.
Запярэчыла ім Гусь:
- Ў Падыспані лепш прайдусь.
Намаўляе Рак-мастак:
- Станчым Польку ды Гапак.
Выступіў наперад Бусел -
Знаны оперны прадзюсар:
- За умераную плату
Дрозд спяе нам «Травіяту»,
У Зубра вяліка цела,
Ён затрубіць а капэла.
Ёсць у нас жукі-флейтысты -
Знакамітыя артысты…
Зацягнулісь тары-бары,
Зіркнуў месячык з-за хмары.
Распачаўся тлум і гам,
Не знайсці парадку там!
Маладыя лісяняты,
Што туліліся ля хаты,
Як пачулі пераборы,
Пахаваліся у норы.
Важны чын знайшоў прычыну
Зазірнуць на вечарыну.
Так вядомасці ён прагнуў -
Ледзь прабіўся цераз багну!
То з’явіўся тлусты Дзік,
Што даўно кудысьці знік.
Прызвычаіўся да ежы,
Зведаў і чужыя межы,
Ужо замовіў свой партрэт,
Зарабіў аўтарытэт,
Бачыў мора берагі.
З ім спрачацца не магі!
- Не патрэбна нам работа,
Ад яе адна блазнота!
Домры, трубы, мандаліны -
З іх спакою ні хвіліны!
Тут адказ зусім празрысты:
Ёсць замежныя артысты.
Зашушукаліся Мышы:
- Трэба быць як мага цішай.
Ён свае парадкі чыніць,
Клуб лясны зусім зачыніць.
Меркаванне мела Сойка.
Яна ў позу стала стойка,
Апярлася на крыло,
Тое ўпэўненасць дало:
- Таленты свае мы маем
Ды нічым іх не займаем.
Імпартоўцаў усё прымаем,
Капялюш ў руках ламаем.
Я за музыку сваю
Чысты голас аддаю!
І, упэўнена, Бабёр
Будзе файны дырыжор.
Як звяры тое пачулі,
То з палёгкай уздыхнулі,
І на калектыўных здымках
Сойку сціснулі ў абдымках.
Лісяняты спаці леглі,
А Зайцы дамоў пабеглі.
Незаўважна недзе знік,
Захаваўся ў елках Дзік.
Ўскалыхнуўся родны лес,
Зноў да музыкі ўваскрэс!
Свидетельство о публикации №122012602324