Канатаходзец

Я іду па нацягнутым тросе,
Што пралёг між Расеяй і Польшчай.
Паміж імі -- чырвоная восень,
Ды, такая ж -- Чырвоная плошча.

Гэта чырвань не сымбаль багацця --
Гэта кроў маёй белай Айчыны:
Слёзы дзетак па бацькавай хаце,
Дзе іх веры ліцьвінскай вучылі.

Прабягаюць пад тросам вагоны,
У якіх беларусаў вывозяць
У Сібір, дзе жыццё пад прыгонам,
Дзе не ўбачыш стог сена на возе.

Нас вучылі забыцца Айчыны,
Каб не ведалі, хто мы такія.
А мы неслі любоў за плячыма,
Каб Айчына не зведала кія.

Мы па тросе вярталіся моўчкі
Да мясцін раскулачаных, белых...
Не сышлі ад зямлі сваёй прочкі,
А няслі ёй крупіначку веры

Той, старой, што жыла тут калісьці,
Калі ў вёсках спраўлялі дажынкі...
Над зямлю ціха падае лісце.
На лістоту кладуцца сняжынкі.

28.10.2021. Заслаўе.


Рецензии