Шлях па рваным небе
З ЛЯХАВІЧАЎ У БАРАНАВІЧЫ
У вянок
Алесю Свістуновічу
Роўная дарога,
Як страла прамая,
Ляхавічы дзеліць
Ведзьмай папалам.
Лотва з-за парканаў
Хмура пазірае.
Зіхаціць крыжамі
Праваслаўны Храм...
Між Літвой* і Лотвай*
Заблудзіўся вецер.
Сцішыўся ля Конек*,
І сумотай стаў.
Тут душы збалелай
Лепш за ўсё на свеце
Пазіраць на зоркі,
Слухаць шолах траў.
Гэты шлях з маленства
Ведаю і помню:
Ведзьма, смалакурня,
Шчара, дзоты, мост...
Белыя бярозы
Роўныя, як промні.
Ельнік нізкаваты,
Быццам навырост.
Тут па брукаванцы
Колы грукацелі.
Помню, не забыўся,
Гук адметны той.
Тут гулі машыны,
І вазы скрыпелі,
І дарогі стужка
Бегла ўслед за мной.
Шумныя таполі
На шляху стаялі,
Краталі аблокі
І аскепкі зор.
Лісцем шапацелі,
З ветрам размаўлялі
І стваралі з кронаў
Казачны шацёр.
...Зрэзалі таполі,
Векавыя дрэвы.
Брукаванка знікла.
Тут цяпер асфальт.
Нудныя прысады,
Як сцяной залевы,
Засланяюць веццем
Родны далягляд.
Здэцца, столькі зведаў
Я дарог адметных,
А заплюшчу вочы...
Ён перада мной:
Гэты шлях самотны,
Збіты, запаветны,
Гразкі і стаптаны
І бясконца мой!
Азірнуся з горкі
На лугі-аблогі,
Каб навек запомніць,
Покуль тут жыву:
І касцёл над Шчарай –
Велічны і строгі,
І ў Малым Падлессі*
Татаву царкву…
Шлях праз снег і слоту,
Праз туман і сцюжу,
Шлях туды, дзе зведаў
Шчасце і бяду.
Шлях па рваным небе,
Па замерзлых лужах,
Па асфальце коўзкім...
Я дамоў іду!
06.02.2022
Свидетельство о публикации №122010602609