Смага
Словы твае — вада,
Ціхіх нябёс напой,
Срэбра сярод пяскоў.
Ойча, вось я, знямоглы,
Смага мяне пячэ.
Тысячу дзён запар
П'ю — і пусты дагэтуль.
Зноў у сухіх руках
Вышчарблены гаршчок.
Слухаюся. Лію.
Вадкасць ідзе ў пясок.
Бачыш, ізноў пусты!
Кроплі не ўтрымаў!
Выгнуўшы вуснаў кут,
Мовіш: «Затое чысты».
Сёння ўжо іншы ты
Іншаму мовіш мне.
Тысячы год прайшлі.
Вось я, такі ж пусты...
Ці хоць крыху адмыты?
24.12.2021
Свидетельство о публикации №121122405920