Зварот да беларускiх вайскоуцау

Стары рэжым свой час даўно аджыў.
Не здольная хлусня зняславіць праўду
І вырваць слуп дзяржаўнае мяжы,
Які сягоння адчувае здраду.

Мы верылі Вам шчыра, толькі Вы
Народ з прысягай разам падманулі.
Не бачыце зусім сваёй віны,
І кажаце: нас кінулі пад кулі.

Успомні клятву! -- Ты ж яе даваў,
І кляўся верным быць свайму народу.
Чаму ж ты свой народ не падтрымаў,
Калі ён крочыў здабываць свабоду?

У здрадным часе існасці няма.
Рэжым крывёй адных другіх яднае.
Парука кругавая, бы сцяна,
Аб будучым не думае, не дбае.

Ізноў народ змагаецца адзін
Супроць сістэмы, што знішчае веру.
Не падмані яго, не абкрадзі,
Не стань сваім братам і сёстрам зверам.

Патрэбен ты Радзіме і садам,
Патрэбен бацьку, маці, той сяброўцы,
Якой казаў: я ўсё табе аддам,
А не аддам -- прывяжаш на вяроўцы.

Не націскай на спуск, што ўзвёў рэжым,
Дзеля таго, каб жыць заўжды прыгожа.
Зямлі не трэба новыя крыжы.
Ёй трэба праўда.
Праўда пераможа.


Рецензии