***
Замест прамых дарог растуць кручыны.
З чырвоных нітак я арнамент выткаў
На белым палатне маёй Айчыны.
Гляджу на той ручнік, а бачу поле,
Дзе грэчка каля Моўчадзі цвіце.
Такая, мабыць, беларусаў доля
Вады прасіць і крочыць па вадзе.
Свабодны колер не нясе свабоды --
Яе чужынцы нішчылі спрадвек.
Знішчалі здрайцы мовы нашай подых,
Над беларусам свой чынілі здзек.
За што, за што? -- Няўжо за сымбаль краю,
За кліч Пагоні, што імчыць на Ўсход,
Яны баяцца нас і нас караюць,
Каб мы на іх не рушылі ў паход?
Ніхто жыццёвы сэнс не разумее --
Зямля ліцвінаў не нясе спакой.
Мяце над ёй маскоўская завея.
Стаіць мой край з працягнутай рукой.
18. 12.2020. Заслаўе.
Свидетельство о публикации №121121909354