Забытая хата
Хто кінуў кут свой дарагі,
не лічыць свае страты...
Рака размые берагі,
хто ў гэтым вінаваты?
Буяе тут адзін быльнёг,
трава расце па пояс.
Палын на сцежачку прылёг,
між ім -- жытнёвы колас...
У вокнах тут няма святла,
хто жыў калісьці ўспомні!
Знішчае восень зноў датла
лістоту, нават промні.
На лаўцы некалі старой
сядзела шмат малечы.
І каля хаты, людцы, той
самота цісне плечы...
Фота Інтэрнэт.
© Copyright:
Анна Атрощенко, 2021
Свидетельство о публикации №121121700645
Рецензии
Светлага суму радкі Вашы паўнюткія... Шкада нашых маленькіх вёсачак... Памятаю, бо кожнае лета праводзіла ў бабулі. Такія яскравыя вобразы -успаміны пра той час: як гудзелі ровам пасля моцнай навальніцы ручайкі -дарогі; маланкі, вясёлкі -усё было такое таемнае))) А пах свежаскошанага сена! Калісь гаманіла шумліва кожная хатка, дзяцей з усяго свету было! Зараз жа -пара хат дзе жывуць, і то, не з вялікай радасці, а як быццам у хованкі хто ад людскога -мірскога... І столькі ўсяго мроіцца з таго жыцця...
Дзякуй Вам, паважаная Ганна, за такія патрэбныя сэрцу радкі, за ўспамін.
З павагай да Вашай творчасці.
Гарунова Святлана 29.05.2023 08:12
Заявить о нарушении
Дзякую, Святланка! Гэты верш нарадзіўся, калі ездзіла ў вёску, дзе праходзіла маленства ў бабулі. Была на могілках, потым зазірнула ў той завулак, дзе калісьці жыла мая бабуля... Бабулінай хаты даўно няма, а побач -- хата бабулі Карасіхі. Хата згорбілася, дах праваліўся... Так было горка і балюча да слёз. І лавачкі ў вёсках амаль пустыя, на іх не сядзяць увечары гаваркія суседкі разам з малечай. Сумна ад усяго гэтага. І балюча. Трэба зрабіць так, каб моладзь не з'язджала, вярталася ў свае вёскі... Можа здарыцца такое, што ў вёсках некаму будзе працаваць і жыць!
Анна Атрощенко 31.05.2023 04:09
Заявить о нарушении
Шчыра кажучы, нават не ведаю, ці пабачым мы той час, калі гэта было б масава: паход моладзі на вёску... Больш для адпачынку, экатурызм... Новае пакаленне не адчувае тое жыццё так, якім жылі мы ў свой час. Але ёсць цікавыя прыклады і гэта прыемна. Вёскі ператвараюцца ў аграгарадкі і жыццё там кіпіць.
Дзякуй за цікавы дыялог! І не сумуйце, паважаная Ганначка! Як кажуць: эвалюцыя не праходзіць без стратаў, усё будзе!!!
Гарунова Святлана 01.06.2023 17:56
Заявить о нарушении