ЛЕС I Лёс
І.
Трыста год таму, ці болей,
Жыў у пушчы, каля Пінску,
Дзед стары, што бачыў долю
І прыдбаў у ёй прапіску.
Аніхто не мог даўмецца,
Скуль той дзед у лесе ўзяўся.
На пытанне: як жывецца? --
Ён любоўю пушчы кляўся.
Кожны дзень ён клікаў долю
Ў той шалаш, дзе дуб высокі,
Нахіляўся над зямлёю
Ды страсаў з галін аблокі.
У той час было Палессе
Не балотам, -- жоўтым морам.
Там вада стаяла ў лесе:
Ратавала лес ад гора.
Сёння дуб прызнаўся Грышу:
-- Лёс пражыў я досыць доўгі.
Я ад Пінску да Нясвіжу
Жалуды страсаў пад ногі.
Я скідаў іх так старанна,
Каб усіх прыкрыла восень,
Каб яны вясною ранняй
Паплылі па дзён дарозе.
Покуль час даваў мне сілы,
Верыў я свайму Палессю:
Узвышаўся, бы асілак,
А сягоння -- нос павесіў.
Штось не так з Палессем стала:
Выцякае ў глебу мора,
Вільгаць дыхаць перастала,
Родны кут чакае змора.
Бачыў я, як ты мне верыў,
Як шаптаў: О, дуб мой мілы...
Час настаў, каб на паперы
Ты ўзгадаў мае ўспаміны.
ІІ.
Ноч прайшла на дзіва ціха.
Месяц плыў лісточкам кволым.
Адганялі зоркі ліха,
Не пускалі ў пушчу колы.
Дзед да дуба нёс паперу,
А яшчэ -- пяро, чарніла.
Грыша быў ліцвінскай веры:
Ён па лесе крочыў з мірам.
Ці на шчасце, ці на згубу,
Быў на службе ў Радзівіла.
Павітаў старога дуба.
Гэта дуба не здзівіла.
Разам з голасам прарочым
Заспявалі ў лесе птушкі.
І звяры, што спалі ўночы,
І кузуркі, і лягушкі.
Сёння дуб стаяў прыбраны --
У яго ўплялася восень.
Абцярушваў ветрам ранак
Жалуды. Было іх восем.
Дуб здалёку павітаўся,
І прызнаўся чалавеку:
-- Ты цяпер адзін застаўся,
Хто мяне бярог спрадвеку.
-- Сядзь, мой сябра, на пянёчак! --
Будзе доўгім час размовы.
Раскажу табе пра дочак,
Раскажу табе замовы.
Гэта ўсё патрэбна краю.
Гэта ўсё патрэбна пушчы.
Сёння я табе параю,
Як зрабіць наш лес відушчым.
Толькі ты пішы старанна,
Каб нашчадкі зразумелі,
Каб ад іх надзей, старанняў,
Мы лясы і пушчы мелі.
ІІІ.
Прыгадай, як ты малюткі
На санях у лес прыехаў!
Як зімы і дрэў малюнкі
Увабраў у сэрца з рэхам.
Бацька твой -- ляснік вядомы!
Ён служыў старанна пушчы.
Быў парадак каля дому
І ў лясной, прывабнай гушчы.
Быў той час на ўсё багаты --
Людзі лес, зямлю цанілі,
А калі хто ўзводзіў хату,
Не было ў той хаце цвілі.
У зімовы дзень марозны
Выбіралі ў пушчы дрэвы.
Непадсочаныя сосны
Надавалі людзям веры.
Высякалі сосен столькі,
Колькі ім было патрэбна.
А цяпер -- паўсюду болькі:
Ад былога лесу -- рэбры.
Вынішчаюць пушчу святы,
Што знішчаюць сосны, ёлкі,
Дзеля цацак, дзеля ваты,
Дзеля той чырвонай зоркі.
Не клапоцяцца больш людзі
Ні аб дзецях, ні аб долі.
Што далей з іх лесам будзе,
Аніхто сказаць не здолеў.
У жыцці кароткім вечнасць
Сэнс расстраціла ранейшы.
Людзі лес і лёс калечыць,
Для зямлі не пішуць вершы.
Захапляцца перасталі
Кветам першае пралескі.
Хутка ўзыйдзе лес са сталі,
А з жалеза -- пералескі.
ІV.
-- Так раней было прынята:
Калі хто да лесу крочыў --
Нёс з сабой насенне мяты
І жыццё яму прарочыў.
Калі ты прыйшоў з чаборам --
Лес табе аддзячыць тройчы.
Дасць грыбоў і ягад з бору,
Ды сагрэе сярод ночы.
Так і я ў палескай пушчы
Вырас з жолуду малога.
Стаў вялікім, стаў відушчым,
Ды адкрытым перад Богам.
Прадзед твой мяне ў кішэні
Ў гэты лес прынёс калісьці.
Прашаптаў: Мы сына жэнім --
Прарасці, дубочак, лісцем.
Памаліўся небу, Богу,
Потым -- тройчы пераксціўся
І адправіўся ў дарогу,
Па якой у лес спусціўся.
Так раней рабілі людзі --
Іхні лес стаў іхнім лёсам.
Ён цяпер іх веру будзіць,
Кліча ўсіх да белых росаў.
Каб жыла ў душы надзея --
Пакладзі ў кішэню жолуд.
Пасадзі яго ў нядзелю,
Каб да Бога мкнуўся волат.
Забяры і ты, Рыгорка,
Жалуды... Іх толькі восем.
Пасадзі на тым пагорку,
Што красуе пры дарозе.
Прашапчы ім тыя словы,
Што шаптаў і мне твой прадзед:
Лес -- жыцця зямлі аснова --
Я аснове той не здрадзіў.
12.12.2021. Заслаўе
Свидетельство о публикации №121121503729