Заснула бакалах вiно...
Заснула ў бакалах віно.
Мадэра альбо кабернэ?
Калісьці і вельмі даўно
Ты моцна кахала мяне.
І п’яная наша любоў
Хмяліла пачуцці праз сон,
Дзе церпкая музыка слоў
І сэрца біццё – ва ўнісон.
Дзе тыя цудоўныя дні?
Адзін прамяняў бы за сто
Хаценне тваёй цеплыні –
Усё, нехаценне – нішто.
Мінулася летняя жарсць.
І восень рабінай гарчыць...
Цяпер я баюся ныраць
У бездань сасмяглай начы.
Бо ты не кахаеш мяне.
І мне, калі шчыра, цяпер
Мадэру піць ці каберне
Не мае значэння, павер...
Таму што, яно не п’яніць,
Не вабіць у цёмную золь.
Віно – гэта ж прага любіць.
А час – гэта смутак і боль.
Успыхнуць, гарэць і згарэць...
І каменем легчы на дно.
Сядзець за сталом і глядзець,
Як спіць у бакалах віно.
25.11.2021
Свидетельство о публикации №121112502236