Кавалак сэрца, вырваны з грудзей

КАВАЛАК СЭРЦА, ВЫРВАНЫ З ГРУДЗЕЙ…
леанід ПРАНЧАК

Анатолю Ярмоленку ў дні яго смутку і гора

Ты палавінка ўсіх маіх даброт,
Ты будняў снег і смутак жураўліны.
Святло кахання і расстання лёд.
Кавалак сэрца, вырваны з грудзіны.

Таму крывавіць сэрца, хоць яно
Змірыцца з лёсам аніяк не можа.
П’ю келіх горкіх слёз, нібы віно.
За што мне так, о міласцівы Божа?

Не адмаліць цябе у цёмных зор,
Не адплаціць твае даўгі старыцай.
Ты ля акна працінькаеш сініцай.
І адляціш, як мой нямы дакор.

Баліць душа.
Ад сэрца толькі друз.
І я ўначы адзін цябе гукаю.
І плача ціха па табе Бабруйск,
І Гомель з Мінскам жаляцца з адчаю.

Таму што ты – усё жыццё маё.
Маё дыханне, песні і узлёты.
Пяшчота, шчасце, лёсу вастрыё.
А як мне жыць на свеце без пяшчоты?

Крывавіць сэрца болем і тугой.
Бывай, бывай, зямная і святая.
Мой шлях у рай асвечаны табой
Раіса, Райка, сонечная Рая.

02.11.2021


Рецензии