Каркуша кланяуся

Каркуша кланяўся
Падобна на тое, што ўчора прылятаў Каркуша. Я адразу заўважыў яго сярод іншых шэрых варон. Дзіўна сябе паводзіў, быццам голас спрабаваў і хацеў нешта прамовіць. Заігрываў з дваровымі катамі, кот ідзе за ім, ён тэпае па тратуары, калі ж кот набліжаецца на бяспечную адлегласць, узліціць і адляціць на колькі метраў, сядзе і зноў спакойна тэпае, а кот за ім. Не ўтрымаўся і пазваў: “Каркуша?”. Узяў колькі кавалкаў варанага лёгкага і кінуў перад лоджыяй. Дык ён метраў пяцьдзесят, не меней, ішоў да гэтага мяса, зробіць два крокі, каркне і паклоніцца, зробіць два крокі, каркне і паклоніцца… Так і прайшоў увесь шлях: каркне і паклоніцца, ды яшчэ пры паклоне крылы ў бакі разводзіў. Дзіўныя паводзіны для звычайнай шэрай вароны.
Няйначай, гэта быў Каркуша. Дзякаваў мяне за волю, або прабачэння прасіў. Як заварожаны глядзеў  на яго, знайшоў мяса, але есці не стаў… Так нешта пацерабіў, пакалупаў… Здаецца, закапаў. Потым некуды зляцеў. Колькі ж прайшло з таго часу, як ён зляцеў? Падабраў яго на стадыёне 21 чэрвеня, тыдні тры пражыў ён у маёй сям’і, ці крыху болей, а потым уцёк і не вярнуўся. Нават акальцаваць яго не паспеў. Зусім верагодна, што ўчора бачыў менавіта яго.
Нядаўна назіраў сапраўдную вайну птушак. Вароны біліся з варонамі, чайкі атакавалі варон, нейкі раздрай быў сярод галак і птушак іншых парод, суцэльнае “нестроеніе”. Назіраў за ўсім і не мог зразумець, што адбылося, што яны ўсе раптоўна сталі выясняць паміж сабой адносіны.
Памыў акно на лоджыі. Глянуў, — зноў сярод птушак лад і згода.
Чайкі зноў пачалі прылятаць і кружыць па двары і высока ў небе. Многія птушкі перад выраем збіваюцца зграі і плоймы. Хутка пацягнуцца караванамі, пасылаючы на зямлю тужлівыя крыкі. Пацягнуцца ў цёплыя краіны, каб там перазімаваць і вясною зноў вярнуцца на радзіму.
Люблю цябе, Беларусь!


Рецензии