3. Во! Сем прытчау. А хто ж там?
А ХТО Ж ТАМ?
Навальніца прайшла хутка. Вецер адагнаў чорна-сінюю хмару на захад.Зноў выбліснула сонейка. Выходжу на лоджыю. За мной выбягае сын. На ўсход паляцела з крыкам зграя варон. Аднекуль наплылі кучарава-срэбныя аблокі, у сонечных промнях яны адсвечваюць перламутрам. Кожнае такое воблака, быццам вялізная дзівосная жамчужына. Зямля, напоеная вільгаццю, дыхае на поўныя грудзі. Паветра чыстае, бадзёрае. У такія хвіліны думаецца пра вечнае. Раптам сын пытаецца:
— Папа, мяне мама нарадзіла?
— Так.
— А маму хто?
— Маму бабуля, баба Стася, каторая з кульбачкай ходзіць.
— Ага, ведаю… А бабулю хто нарадзіў?
— А бабулю хто нарадзіў?
— А бабулю нарадзіла яе мама.
— Зразумела. А-а-а… Ну, а… Бабулю, маму бабулі хто нарадзіў? Першы самы, ну, самы-самы-самы першы, хто быў? Хто ўсіх нарадзіў?
— Самы першы, сынок — Божанька. Вунь там ён, за аблокамі. Бачыш, які прыгожы. Ён усё стварыў: і зямлю, і бабулю, і нас з табою.
— Ага! А Божаньку хто на неба паклаў?!
Гляджу ў яго цікаўныя вочы і не ведаю, што адказаць. Глядзім на жамчужныя аблокі, маўчым.
Вось, здзіўляюся я сам сабе, вось пытанне, якое чалавек задае ў тры гады з хвосцікам і думае, калі вырасту, абавязкова разбяруся ва ўсім. Чалавек расце — і пытанне падымаецца вышэй і вышэй. Калі ў дзяцінстве ўсё здаецца зразумелым, на ўсё ёсць адказ у юнацтве (амаль на ўсё!), то на сярэдзіне жыццёвага шляху чалавек ужо знаходзіць пытанні, на якія не можа адказаць і, чым сталейшым становіцца, тым больш і больш узнікае пытанняў, якія не маюць адказу. Вось і сігае душа пасля смерці за аблокі, каб паглядзець, а хто ж там? Хто ж там Бога на неба паклаў?
Свидетельство о публикации №121101204292