У дажджы йшла восень
Паміж стромкіх сосен
Ранкам вераснёвым
Йшла нячутна восень.
Погляд з-пад блакіту,
Залатая ўсмешка,
Сном хмяльным спавіта,
Грэлася на ўзмежку.
Мілавала просінь
Сонечнае ранне,
Прыспяшала восень
З ветрам на спатканне.
Цалаваў ёй ветрык
Валасы і шчокі,
Астудзіў паветра
І згусціў аблокі.
Восень папрасіла
Патрываць хоць трошкі,
Бо яшчэ насіла
З лета басаножкі.
Ім, вятрам свавольным,
Давяраць ня трэба.
Ўжо слязой раптоўнай
Залілося неба.
Дзе тут паратунак
Ад дажджоў няўцешных?
З ветрам пацалунак
Быў, напэўна, грэшным.
Свидетельство о публикации №121092005866