Вераснёускае
Тэрмометр вар'яцее: дваццаць восем!
Але дыван стракаты жаўталісты
На травы пад бярозы сцеле восень.
Зіхціць на ліпах новенькае ўбранне -
Бурштынавыя сонечныя рызы.
Нібыта й не панурылася ранне,
Захутанае ў плашч туманны шызы.
Нібыта й не скалелі астры ўночы.
Свае ў гарэзы верасня законы:
Сягоння сонцам цешыцца ахвочы,
А заўтра ўсім уручыць парасоны.
Хітруе, спёку лье ў прастор чысцюткі
Ды ўпотай дажджавыя ладзіць струны.
Яму ўсяго ж дванаццатыя суткі -
Забаўнік і штукар, свавольнік юны.
А тыдзень-два міне, і, клапатлівы,
Абуты ў боты, сталы і сур'ёзны,
Парадчыць будзе яблыкі і слівы,
Агледзець мусіць грады і барозны.
Упэўніцца, што ўзімку хопіць хлеба,
Згуляе спеўна-хмельныя дажынкі.
І ў выцвілае восеньскае неба
Знясуць яго сівыя павуцінкі.
12.09. 2021
Свидетельство о публикации №121091704650