Асеннi дзень
Трымаецца заўсёды,
З пацёртай торбачкай брыдзе,
Як дзед белабароды,—
Губляе цень па хмызняку,
Па стрыжаным узмежку.
Жуе там нешта ў цяньку,
З жарствой уперамежку.
Грыбы лузгае па барах,
А то страсе — арэхі,
Зграбае лісце па дварах,
Сарваць спрабуе стрэхі.
Дзень гэты дужы, цэпкі ён,
Хаця на выгляд — хліпкі,
Пужае ліўнямі варон
І ладзіць смык для скрыпкі,
Туманаў цэдзіць малако...
Шукае сэнсу ў рэха...
І верціць дум верацяно,
Ірвецца — як прарэха...
Затым кладзе карчы ў агонь,
Зарой прастор малюе,
Нітуе зоры на ладонь,
Нас ад бяды ратуе.
Свидетельство о публикации №121091204352