Лясное шчаснае

Прайсці па долах восеньскіх лясных,
Па ранішніх палянках верасных,
Дзе дрэмле на яловых лапах ціша,
Праменьчык жвавы дню вітанне піша
На тоненькіх карунках павуцін;
Плыве гаркавы дух грыбных мясцін;
Да самых капялюшыкаў ля сцежкі
Увязлі ў мох красуні сыраежкі,
Схаваліся ў бруснічнік малады
Зялёна-бурашапыя грузды,
А росы ў жменю падаюць са звонам.
Напіцца ўсмак, да хмельнасці азонам,
Надыхацца духмянасцю густой,
Нацешыцца ціхмянай мілатой
І поўны кошык с горачкай накласці
Дарункаў бору шчодрых. Чым не шчасце!


Рецензии
У жыцці так мала шчасця. Добра, што гэта адбываецца, прынамсі, у лесе.

Артур Грей Эсквайр   05.09.2021 22:45     Заявить о нарушении
А можа яго не так і мала, шчасця... Не заўсёды заўважаем...
Дзякую за ўвагу.

Клавдия Семеновна   17.09.2021 14:37   Заявить о нарушении