Збалелая душа
леанід ПРАНЧАК
Цярушыцца лiсце
Пад ногі дажджу.
Асенняе неба
Чакае завеi...
А я, беспрытульны,
Па сонцу тужу,
Выплакваю слёзы
Нязбытнай надзеі.
Цямнее.
Сціхаюць над лесам вятры.
Расквецілі зоры
Нябесную просінь.
Туман – спадарожнік.
Цяпер мне сябры –
Шляхі Беларусі,
Дзе лужы і восень.
Стары сакваяж свой
Я цудам збярог.
Там рукапіс новы,
Астаткі закускі…
Я вечны вандроўнік,
Самотнік дарог,
Ахоўнік агню і
Паэт беларускі.
Яшчэ там
Маленькая кніга мая.
Як пашпарт асобы
Зімою і летам.
Там вершы мае.
І яны, веру я,
Маё апраўданне
Прад Богам і светам.
Мне вершы, як дзеці.
Мой лёс і жыццё.
Сярод маразоў,
Нібы радасць адлігі.
Душы трапятанне
І сэрца біццё,
Паводкі палескай
Шурпатыя крыгі.
Яны мой ратунак
І слава мая.
Яны ды кавенька,
Багацце паэта…
Паэзія ёсць непазбежнасць.
І я
Жыццём і бадзяннем
Даказваю гэта.
Самотны,
Я сумныя вершы пішу,
Радзіму маю,
Як магу, апяваю.
Па ўсёй Беларусі
Вандрую-хаджу.
І долю сваю,
Нібы шчасце, шукаю.
Пакуль не знайду,
Не суцішуся я.
Мая Беларусь –
Гэта мой малітоўнік.
Святыня вялікая –
Наша зямля
І я
Спаконвечных святыняў
Паломнік!
Надзея і вера
Збалелай душы:
Тутэйшых людзей
Спадзяванні і мары.
…У летняй тужурцы
Па мглiстым дажджы
Блукаю да сонца
Ад хмары да хмары.
30.08.2021
Свидетельство о публикации №121083101675