Сарамлiвы паэт
леанід ПРАНЧАК
Ён на хмары сядзеў
У бяссонні начэй
І на зоркі глядзеў
Аж да рэзі вачэй.
Вецер хмару шпурляў,
Нёс па свеце яе.
Толькі ён не зважаў,
Думаў словы свае.
З небам гутарку вёў.
Ціха, моўчкі амаль.
Слоў балючая кроў
І паперы паркаль…
Гаварыў, як рубіў.
Але мала хто знаў,
Як ён моцна любіў,
Як цярпліва маўчаў.
Ён, пакуль не замоўк,
Колькі доўжыўся век,
І нябёсаў прарок,
І зямны чалавек.
Зорка ўпала з каўша.
Паляцела ў сусвет
Таямніца-душа,
Што збалелася ўшчэнт.
Лёсу вечны праклён,
Долі праведны крыж…
Краю роднага лён,
Мрояў дзіўных Нясвіж.
Плыў бусліным пяром
Над радзімай сваёй
Пад сцюдзёным дажджом
Стаць ля Менску зямлёй.
Сэрца, як ні валтузь,
Вельмі просты сакрэт:
Ён і ёсць Беларусь:
Сарамлівы паэт.
26.08.2021
Свидетельство о публикации №121082801768