***

Покуль на свеце ёсьць смелыя людзі,
Край мой ніколі не стане палонным.
Ён разам з імі свабоду здабудзе,
Стане Еўропы ён эталонам.

Доўга маўчалі мы, доўга трывалі --
Думалі, вецер навалу прагоніць.
А ён узняў над Айчынаю хвалі:
Проста знішчае нас, проста палоніць.

Чорныя хмары і чорныя краты
Белых людзей забіраюць з сабою.
Сталі за чорнымі хмарамі каты,
Каб мы не ўбачылі іхнюю зброю.

Мірны пратэст стаў для хеўры тэрорам --
Боязнь закралася ў думы вар'ятаў.
Зноўку прысніўся ім крэйсер "Аўрора":
Выстрал ягоны для іх -- гэта свята.

Больш за стагоддзе яны нас вучылі
Жыцці свае аддаваць за Радзіму.
Самі ж крывёю і бінт не змачылі,
З ёй не жылі яны нават гадзіну.

Нішчылі пушчы, лясы і балоты,
Кралі вагонамі, кралі мільёны...
Нам гаварылі -- усё для народа.
І для народа пісалі законы.

Гэтаму здзеку кажу я: даволі! --
Досыць карміць нам чыноў-пустабрэхаў.
Лепей устаньма і хеўру прагонім,
Каб з іх уцёкаў смяялася рэха.

22.08.2021. Заслаўе


Рецензии
"Больш за стагоддзе яны нас вучылі
Жыцці свае аддаваць за Радзіму.
Самі ж крывёю і бінт не змачылі,
З ёй не жылі яны нават гадзіну."

Якiя моцныя радкi!

Елена Ярошевич   26.08.2021 16:41     Заявить о нарушении
Дзякую, Алена! Будзем змагацца з рэжымам, покуль будзем жыць.

Валерий Познякевич   31.08.2021 11:57   Заявить о нарушении